Звесткі пра пераслед паводле праваабаронцаў, медыяў і родзічаў тых, хто зазнае яго.
Наталля Нікіціна
Асуджаная на 1 год і 10 месяцаў і аштрафаваная на 200 базавых велічыняў (2500 долараў).
Паводле праваабаронцаў, лекарку з 30-гадовым стажам прызналі вінаватай у «абразе прадстаўніка ўлады» і «распальванні іншай сацыяльнай варожасці».
Праваабарончай супольнасцю Нікіціна прызнаная палітзняволенай.
Нагодай для яе крымінальнага пераследу сталі каментары ў сацсетках пра «справу Зельцара».
Інцыдэнт з Зельцарам адбыўся 28 верасня 2021 году. У КДБ тады паведамілі, што ў Мінску падчас рэйду быў смяротна паранены супрацоўнік ведамства. Сілавікі ў адказ адкрылі агонь і застрэлілі жыхара кватэры.
Пазней стала вядома, што ім аказаўся Андрэй Зельцар, супрацоўнік кампаніі EPAM Systems.
За каментары ў сацсетках у «справе Зельцара» затрымалі ўжо каля 200 чалавек.
Віталь Рогач
Асуджаны на два з паловай гады калоніі і аштрафаваны на 200 базавых велічыняў (2500 долараў).
Паводле праваабаронцаў, нагодаю для крымінальнага пераследу стаў каментар пад допісам пра «Справу Зэльцара».
Абвінавачаны ў «арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак», «распальванні расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы», і «абразе прадстаўніка ўлады».
Справу разглядала суддзя Валянціна Зянькевіч.
Іван Рагатнёў
Асуджаны на 1 год і 7 месяцаў.
Нагодай для крымінальнага пераследу стаў каментар у сацыяльных сетках пра «справу Зельцэра».
Праваабаронцы пішуць, што Рагатнёў абвінавачаны ў «распальванні іншай сацыяльнай варожасці».
Справу на закрытым працэсе разглядала суддзя Святлана Бандарэнка.
Аляксей Рэзнікаў
Асуджаны на 4,5 гадоў калоніі. Да суду 4 месяцы ўтрымліваўся ў няволі.
Паводле праваабаронцаў у яго каментарах у сацыяльных сетках суд угледзеў «распальванне іншай сацыяльнай варожасці», «рэабілітацыю нацызму», «абразу Лукашэнкі», «абразу прадстаўніка ўлады» і «здзек з дзяржаўных сімвалаў».
Справу ў закрытым рэжыме разглядаў суддзя Яўген Буруноў.
Быў затрыманы па вяртанні з-за мяжы да хворай маці. Жанчына сканала на трэці дзень па зняволенні сына.
Уладзімір Ангельскі
Асуджаны на 14 дзён адміністрацыйнага арышту.
Паводле праваабаронцаў яго затрымалі ў Мінску 31 жніўня, а судзілі 2 верасня.
Ён абвінавачаны ў непадпарадкаванні супрацоўніку міліцыі.
Ангельскі – адвакат Мінскай абласной калегіі адвакатаў. Да гэтага працаваў у адвакацкім бюро «РЕВЕРА», а таксама быў партнёрам у адвакацкім бюро «Брагінец і Партнёры».
Канстанцін Высочын
Асуджаны на тры гады абмежавання волі ў папраўчай калоніі адкрытага тыпу («хіміі»)
Праваабаронцы пішуць, што дырэктара архітэктурнага бюро асудзілі за «арганізацыю і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх».
Справу разглядала суддзя Вольга Емяльянчанка.
Праваабарончай супольнасцю Высочын прызнаны палітвязнем. Па прысудзе яго вызвалілі да накіравання ў папраўчую ўстанову.
Павел Мажэйка, Юлія Юргілевіч
Пераведзеныя ў следчы ізалятар.
Што інкрымінуюцца ім невядома. Паводле праваабаронцаў іх схапілі па вяртанні ў Беларусь.
Кіраўніка гродненскага«Цэнтру гарадскога жыцця» Паўла Мажэйку ў сакавіку 2021 году затрымлівалі разам з мастаком Алесем Пушкіным. Тады яго выпусцілі пасля 72 гадзін зняволення.
У адвакаткі Юлію Юргілевіч, паведамлялі праваабаронцы, сілавікі правялі ператрус. 23 лютага яе выключылі з калегіі адвакатаў Гродна. Яна працавала ім 18 год.
Юргілевіч абараняла палітвязняў: мастака Алеся Пушкіна, студэнта-хіміка Арцёма Баярскага, музыканта Ігара Банцара, блогера Вадзімаці і іншых.
Ірына Вікхольм
Адбыла тэрмін зняволення і дэпартаваная ў Расію.
Ірына Вікхольм – грамадзянка Расіі. Яе асудзілі на 1,5 гады калоніі за паклёп на Лукашэнкі. Нагодай для крымінальнага пераследу стаў допіс пра інцыдэнт з самалётам Ryanair, якім ляцеў Раман Пратасевіч.
Праваабарончай супольнасцю Вікхольм была прызнаная палітзняволенай.
Па вызваленні ёй забаранілі наведваць Беларусь 10 гадоў.