Музычны фестываль “Залаты шлягер” пройдзе ў Магілёве з 24 па 29 кастрычніка. Магілёўская абласная філармонія апублікавала афіцыйную праграму мерапрыемства. Урачыстае адкрыццё фестываля пройдзе 26 кастрычніка. Сярод хэдлайнераў – група “Песняры”, ВІА “Лейся песня” і “Синяя птица” з Расійскай Федэрацыі, а таксама папулярныя ў мінулым спевакі Міхаіл Мурамаў, Ірына Панароўская, Сяргей Белікаў і іншыя. На канцэрце адкрыцця таксама заяўленыя артысты з Італіі, аднак ёсць заўвага, што ў праграме магчымыя змены.
Сярод італьянскіх артыстаў вылучаюцца заўсёднік беларускіх фестываляў Мікеле Пома, а таксама маладыя спевакі Антанэла Бучы і Маура Менгалі. Іх цяжка назваць папулярнымі выканаўцамі. Так, афіцыйны ютуб-канал Антанэлы Бучы мае ўсяго 582 падпісчыкі, а самы папулярны кліп на ім – 73 тысячы праглядаў. На SoundCloud Маура Менгалі падпісчыкаў 28 чалавек, а кампазіцыі маюць ад 1 да 4 лайкаў.
Сярод замежных гасцей фестываля таксама фігуруюць італьянцы Элеанора Д’Апаліта і Ціна Джунчы, і спявак Кевін МакКой. МакКой – экс-саліст амерыканскага гурта Bad Boys Blue, які цяпер жыве ў Германіі і вельмі часта выступае на настальгічных канцэртах і фестывалях у краінах былога СССР.
Фота: Магілёўская абласная філармонія, архіў