Глускія “лесавікі” вучылі калег з усёй краіны працаваць з Азіяй

Але ў саміх з-за санкцый праблемы з новым абсталяваннем.

У Глуску ведаюць як пераарыентавацца на новыя рынкі. Менавіта таму работнікі лясной гаспадаркі Беларусі тут на семінары вывучалі вопыт перапрацоўкі драўніны на перадавым заходнім абсталяванні і працы ва ўмовах санкцый і крызісу.   

Глускія “лесавікі”, падобна, становяцца лепшымі ў Беларусі. У гэтым годзе галоўны ляснічы Глускага лясгаса Мікалай Ляпко дзяліўся вопытам выкарыстання фінскага харвестара Usewood па догляду лясных культур. І вось цяпер рэспубліканскі семінар «Вытворчасць і рэалізацыя паганажных профільных вырабаў» прайшоў на базе Глускага лясгаса. 

Вытворчасць

Глусчане, як паведаміла газета “Радзіма”,  паказалі і расказалі калегам, як працуюць сучасныя лініі лесапілавання Wood-Mizer, Brodpol, Mebor, якія піламатэрыялы на іх вырабляюцца, як арганізаваны тэхнічны працэс сушкі прадукцыі ў сушыльных камерах Baschild (2010 г.) і Termolegno (2020 г.). У сталярным цэху гасцей азнаёмілі з вытворчасцю профільных дэталей і прадукцыі. Абсталяванне заходніх машынабудаўнікоў якаснае і мае добрую вытворчасць.


Даведка: Глускі лясгас размешчаны ў паўднёва-заходняй частцы Магілёўскай вобласці на тэрыторыі 75 858 га, у тым ліку пакрытых лесам 68 648 га. Працягласць тэрыторыі лясгаса з поўначы на ​​поўдзень – 55 км. і з захаду на ўсход – 40 км. У ягоны склад уваходзяць 8 лясніцтваў. Па лесараслінным раянаванні тэрыторыя лясгаса адносіцца да Цэнтральна-Прадпалескага комплексу лясных масіваў, падзоны ялова-грабавых дуброў.


Рэалізацыя прадукцыі

Работнікі глускага лясгасу таксама падзяліліся вопытам працы гандлёвай пляцоўкі. Геаграфія паставак на экспарт прадукцыі дрэваперапрацоўкі ў іх раней налічвала больш за 30 краін. Але пастаўкі ў Літву, Латвію, Польшчу і іншыя заходнія краіны практычна прыпыніліся з-за санкцый і немагчымасці пераводу грошай. Цяпер самым важным стратэгічным напрамкам работы арганізацый галіны сталі пастаўкі прадукцыі на кітайскі рынак.

Як паказаў семінар, глускія “лесавікі” здолелі пераарыентавацца на іншыя рынкі збыту сваёй прадукцыі і захавалі калектыў. Але праблема ў тым, што новае абсталяванне, якое яны выкарыстоўваюць, з-за санкцый практычна немагчыма набыць, а заходнія рынкі амаль цалкам закрытыя. Застаецца працаваць з Азіяй і спадзявацца на змену знешнепалітычных умоў гаспадарання.

фота: glusk.by

Спатрэбіліся санкцыі, каб аграрыі і гандляры пачалі шукаць адзін аднаго

“Як увайсці ў гандлёвыя сеткі?” – на прыкладзе калгаса “Рассвет” аграрыі ўсёй краіны вучыліся працаваць з гіпермаркетамі

На базе ААТ «Рассвет імя К.П. Арлоўскага» на Кіраўшчыне прайшоў рэспубліканскі навучальны семінар, на якім прадстаўнікі гандлёвых сетак і сельгасвытворцаў вучыліся супрацоўнічаць – піша газета “Кіравец”. Аказалася, што не ўсё так безнадзейна, як падаецца. У семінары прынялі ўдзел высокія чыноўнікі і простыя аграрыі з усёй Беларусі, на якіх трымаецца краіна. 

Месцам правядзення невыпадкова стала ААТ «Рассвет ім. К.П. Арлоўскага». Гаспадары паказалі сховішча для агародніны. Дырэктар сельгасарганізацыі Аляксандр Багель распавёў аб вытворчасці бульбы, агародніннай і садавіннай прадукцыі і аб тым, як наладжаны іх захоўванне, збыт, а таксама партнёрства з гандлем. Яму было што паказаць і чым пахваліцца. 

З боку гандлёвых сетак на семінары выступілі прадстаўнікі найбуйнейшай беларускай прыватнай сеткі харчовых магазінаў “Еўроопт”. Яны ў сваю чаргу прадэманстравалі праверку якасці сельскагаспадарчай прадукцыі, звярнулі ўвагу на патрабаванні да яе. Гандляры распавялі, што трэба зрабіць вытворцам, каб прадукцыя мела збыт – то бок, каб гандлёвыя сеткі з ахввотай бралі яе на рэалізацыю.

Як прызналіся ўдзельнікі семінара, праблемы супрацоўніцтва паміж вытворцамі і прадаўцамі актуалізаваліся ва ўмовах санкцый. Выглядае, што галоўнай прычынай нізкага ўзроўню супрацоўніцтва выявілася недастатковая падрыхтаванасць сельгасарганізацый краіны да пастаўкі якаснай, канкурэнтнай і таннай прадукцыі.