У Магілёўскім абласным метадычным цэнтры народнай творчасці завяршылі вышыўку мапы Магілёўшчыны з этнаграфічнымі і культурнымі адметнасцямі і перадалі яе ў Мінск для складання ў агульны вялікі вышыты габелен.
Майстры з усяго рэгіёна актыўна ўдзельнічалі ў стварэнні карты. Па ўсталяваным графіку яны прыязджалі ў Магілёў і ўносілі ў гэтую карту тыя элементы, якія дэманстравалі культуру і здабыткі сваёй малой радзіны.
Яе стваралі ў рамках рэспубліканскага праекта “Культурная спадчына Беларусі”. Згодна задуманай ідэі, майстры народнай творчасці стваралі карты рэгіёнаў, якія будуць сабраны ў адзіную карту Беларусі памерам 3х2,5 м. Карта-габелен стане сімвалам культурнай спадчыны беларускага народа – паведамляюць “Магілёўскія ведамасці”.
Нагадаем, што вышытая карта Магілёўскага краю прадстаўлена рознымі брэндамі. Гэта і «Крычаўскі канёк» Крычаўскага раёна, і «Залатая пчолка» Клімавіцкага раёна, і «Саламяныя павукі» Быхаўскага раёна, і «Блакітная крыніца» Слаўгарадскага раёна, а таксама абрад «Варвараўская свечка», якім рэпрэзентуецца Мсціслаўшчына, пра што некалькі месяцаў таму пісалі mogilev.media.
Фота: “Магілёўскія ведамасці”