«Памерці, але вытрымаць» – у дні канферэнцыі «Новай Беларусі», у Мінску прайшло пасяджэнне Савету Міністраў
Пасяджэнне Савету Міністраў было прымеркаванае да тэмы функцыянавання дзяржавы ва ўмовах санкцый і прысвячалася захадам па пераадоленню іх наступстваў – паведамляе БелТА.
Аляксандр Лукашэнка, які старшыняваў на пасяджэнні, выказаў упэўненасць, што па выніках года эканоміка мае шанцы паказаць такі самы вынік, як і летась.
Пры гэтым асабліва адзначалася, што вялікая ўвага надаецца магчымасці працягваць гандаль з Еўразвязам.
«Нам ні ў якім разе нельга сыходзіць з Еўрасаюзу. Гэта наш бліжэйшы сусед. Мы палавіну там, на маю думку, працавалі па экспарту, – сказаў Лукашэнка.
Прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка так ахарактарызаваў актуальную сітуацыю ў эканоміцы: знешнія ўмовы для работы эканомікі істотна пагоршыліся, таму што ўведзеныя санкцыі адносна Беларусі з боку шэрагу краін датычацца ўсіх этапаў экспарту ад дастаўкі тавару да атрымання выручкі. Каб замясціць прыбыткі, якія выпалі з-за санкцый, быў прыняты комплекс мер для нарошчвання вытворчасці і экспарту ў іншых галінах.
«Штомесяц расце экспарт тавараў, і ў чэрвені ён практычна дасягнуў узроўню мінулага года, а ў Расію – дасягнуў гістарычнага максімуму $2 млрд за месяц» – паведаміў Галоўчанка.