Выбарчыя ўчасткі ў першыя чатыры дні галасавання не працуюць, расійскія арганізатары разносяць бюлетэні па дамах украінцаў.
“Галасаванне” праходзяць у самаабвешчаных ДНР і ЛНР, а таксама на тэрыторыях Запарожскай і Херсонскай абласцей Украіны, занятых расійскімі войскамі. Так званыя выбарчыя камісіі пачалі працаваць з 8:00 па маскоўскім часе. Мерапрыемства будзе працягвацца пяць дзён – першыя дні яно запланаванае ў фармаце падамавога абходу выбарцаў. 27 верасня выбарчыя ўчасткі будуць працаваць у ДНР з 8:00 да 20:00, а на астатніх тэрыторыях, для якіх гэта яшчэ будзе актуальна – з 8:00 да 16:00.
У першы ж дзень “рэферэндума” ў Мелітопалі Запарожскай вобласці (акупаваны з 1 сакавіка 2022 года) пралунаў выбух – паведаміў гарадскі галава Іван Фёдараў у сваім Тэлеграм-канале.
– Людзі баяцца выходзіць з дому. – пракаментаваў гэтую навіну Фёдараў – І страх гэты на руку акупантам – у першы дзень хатняга “галасаванья” на псэўдарэфэрэндуме ім трэба, каб усе сядзелі ціха дома.
У ДНР і ЛНР на “галасаванне” вынеслі на пытанне, ці падтрымліваюць мясцовыя жыхары “ўваходжанне рэспублікі ў склад Расіі на правах суб’екта РФ”. У Запарожскай і Херсонскай абласцях у бюлетэнях змяшчаецца такое пытанне: “Вы за выхад вобласці са складу Украіны, утварэнне вобласцю самастойнай дзяржавы і ўваходжанне яе ў склад Расійскай Федэрацыі на правах суб’екта Расійскай Федэрацыі?”.
Фота: ТАСС