Ад 9 да 11 працэнтаў зменшыўся заробак у Хоцімскім, Магілёўскім і Касцюковіцкім раёнах

Зніжэнне рэальных заробкаў у Беларусі назіраецца з сёлетняга сакавіка. Пры гэтым у краіне ёсць раёны, дзе гэта зніжэнне найбольш дынамічнае, піша рэсурс Banki24.by.

Паводле яго, у Магілёўскай вобласці рэальны заробак у ліпені найбольш упаў у Хоцімскім, Магілёўскім і Касцюковіцкім раёнах. У Хоцімскім раёне ён знізіўся да аналагічнага перыяду 2021 году на 11,7%, у Магілёўскім – на 10,3%, у Касцюковіцкім – на 9,1%.

Падобная дынаміка назіраецца ў суседняй Віцебскай вобласці. Тут рэальны заробак у ліпені больш за ўсё ўпаў у Расонскім, Талачынскім і Докшыцкім раёнах. У Расонскім раёне ён знізіўся на 10,2%, у Талачынскім – на 9,3%, у Докшыцкім – на 8,5%.

Banki24.by адзначае, што рэальная зарплата за сакавік па краіне ўпала да супастаўнага месяца 2021 году на 0, 7%, за красавік – на 4, 5%, за май – на 5, 7%, за чэрвень – на 4, 2%, за ліпень – на 5,9 працэнта.

Такім чынам, канстатуе выданне, працэс зніжэння рэальных заробкаў у Беларусі доўжыцца ўжо 5 месяцаў. За гэты час рэальныя заробкі не раслі да аналагічнага леташняга перыяду ні ў адной вобласці. Таксама змяншэнне рэальнага заробку паказваў і Мінск.


Рэальная заработная плата – гэта колькасць тавараў і паслуг, якую можна набыць на намінальную заработную плату; па сутнасці гэта пакупніцкая здольнасць намінальнай заработнай платы.


Намінальная зарплата – гэта канкрэтная грашовая сума, якую атрымлівае работнік.