Звесткі пра пераслед паводле праваабаронцаў, мэдыяў і родзічаў тых, хто зазнае яго
Алена Балтрукова
Асуджаная на тры гады «хатняй хіміі».
Мінскую ціктокерку суд Маскоўскага раёну сталіцы прызнаў вінаватай у грубым парушэнні грамадскага парадку.
Яе затрымалі 5 мая за антываенны цікток і ўдзел у пратэстах 2020 году. Доказамі віны сталі два фота, дзе яна стаіць на дарозе падчас пратэстных маршаў.
Ігар Банцэр
Рок-музыку забралі 4 жніўня, паведамілі сваякі.
Прычына затрымання невядомая.
Банцэр адседзеў 1 год і 6 месяцаў абмежавання волі ў калоніі адкрытага тыпу («хіміі») за хуліганства, бо ў верасні 2020 году станчыў без штаноў перад міліцэйскай машынай.
Падчас суду трымаў сухую галадоўку 16 дзён, на той момант гэта быў беларускі рэкорд.
Алесь Рамановіч
Аштрафавалі на 960 рублёў за распаўсюд «экстрэмісцкіх матэрыялаў». У яго канфіскавалі тэлефон.
Праваабаронцы пішуць, што ў Пінску, адкуль Рамановіч, трапілі пад пераслед 11 чалавек. Некага арыштавала, а некаму прысудзілі штраф. Людзей вінавацілі ў распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў і супраціве міліцыі.
Мікалай Аўтуховіч
1 жніўня спыніў галадоўку, паведаміла дачка арыштанта.
Паведамляецца, што яму ставяць кропельніцы і ён п’е вадкасць. Аднак, у яго праз галадаванне пачаліся праблемы з ныркамі.
59-гадовы палітвязень абвясціў сухую галадоўку 11 ліпеня, паведамляе незалежная прэса, спасылаючыся на адміністрацыю гродненскай турмы, дзе ўтрымліваюць Аўтуховіча.
Ён пратэстуе супраць таго, што яму не перадаюць лісты і газеты.
Чатыры дні запар Мікалай не наведваў судовыя паседжанні, бо не меў сілаў дайсці на іх, сёння таксама не быў на судзе. Учора яму паставілі кропельніцу.
Аўтуховіча вінавацяць ва ўчыненні «Акту тэрарызму». Нібыта за падпаламі дому міліцыянта ў Ваўкавыску і падрывам аўтамабіля супрацоўніка міліцыі ў Гродна стаіць групоўка, якой ён кіраваў.
Па «справе Аўтуховіча» судзяць 12 чалавек.
Уладзіслаў Плюшчаў
Гітарыст «Крамбамбулі» і Pomidor/off асуджаны на 2 гады за паклёп і абразу прадстаўніка ўлады.
Яго затрымалі 12 красавіка. На праўладных тэлеграм-каналах паказалі «пакаяльнае» відэа. Затым прызначылі 25 дзён адміністрацыйнага арышту за ўдзел у пратэстах і што быў падпісаны на «экстрэмісцкія» каналы.
Таксама ён быў аштрафаваны на 6 400 рублёў. Суд пастанавіў канфіскаваць у яго асабісты аўтамабіль.