Здагадайцеся, які раён Магілёўшчыны першым намалаціў 100 тысяч тон зерня? Падумайце!

Загадка не складаная – гэта Шклоўскі раён. У няпросты час для краіны, якая, як кажуць чыноўнікі, пад санкцыйным ціскам захаду, не магло быць іначай. У імпрэзе, прымеркаванай да поспеху хлебаробаў іх непасрэдна не было. Віншаванні прымала начальства.

Шклоўскі раён – малая радзіма Лукашэнкі. Тут родная яго вёска і адна з рэзідэнцыяў. На Шклоўшчыне ён пачаў узыходзіць на палітычны Парнас. Свае мясціны Лукашэнка наведвае рэгулярна. Неўзабаве ў яго дзень народзінаў і, абвясціўшы Шклоўскі раён першым стотысячнікам яму зрабілі падарунак.

У фотарэпартажы  інтэрнэт-парталу мясцовай раёнкі «Ударны фронт» няма камбайнёраў, трактарыстаў, шафёраў, якія непасрэдна спрычыніліся да дасягнення. На фота чыноўнікі на полі ў кабінетных строях. Іх фатаграфавалі ў полі, на фоне камбайнаў.

Мясцовых аграрнікаў віншаваў не сам Лукашэнка, бо падзея не надта важкая, а старшыня райвыканкаму Андрэй Камко, які заклікаў аграрнікаў «не збаўляйце тэмпаў, вы забяспечваеце харчовую бяспеку краіны».

Другім статысячнікам у рэгіёне стаў Магілёўскі раён. 

фота з рэсурсу shklovinfo.by

Мыцца стане даражэй. Кошты ў лазнях могуць падвысіцца на рубель

Магілёўскі аблвыканкам пастанавіў прызначыць новы «паталок» цэнаў на наведванне лазняў і душавых кабінак у Магілёве, Бабруйску і іншых гарадах вобласці.

Калі раней двухгадзіннае наведванне лазні ў Магілёве каштуе 7 рублёў 50 капеек, то цяпер дазволена падняць максімальны кошт такога візіту да 8 рублёў 50 капеек – паведамляе партал MyCity.by.

Наведванне лазні ў Бабруйску можа абыходзіцца на 50 капеек танней – у 8 рублёў. У іншых паселішчах Магілёўшчыны у 6 рублёў.

Гэтаксама растуць і кошты на выкарыстанне душавымі кабінамі. Цяпер кошт за 45 хвілін асалоды складае 6,5 рублі ў Магілёве і Бабруйску, а ва ўсіх астатніх паселішчах вобласці – 5 рублёў.

Хваля ўрачыстага адкрыцця гульнявых пляцовак дакацілася да глыбінкі. У Круглым з такой імпрэзы зрабілі «значную падзею»

Урачыстасці з нагоды ўпарадкавання гульнявых пляцовак праводзіліся пераважна ў «спальных раёнах» Магілёва. У абласным цэнтры сёлета з удзелам чыноўнікаў іх пафасна адкрывалі з дзясятак. У глыбінцы ж, калі такія імпрэзы і адбываліся, то сціпла. Яны не асвятляліся гэтак шырока, як у Магілёве.

У райцэнтры Круглае адкрыццё гульнявога асяродка стала «значнай падзеяй». Яе, па словах чыноўнікаў, стваралі ўсёй грамадою гораду. 

Паўдзельнічаць у адкрыцці прыйшлі старшыня мясцовага райсавету Сяргей Храмцоў і намесніца старшыні райвыканкаму Анжэла Лукашэвіч.

Паводле Храмцова будаўніцтва спортпляцоўкі «стала магчымым дзякуючы сумесным намаганням райвыканкаму, Савету дэпутатаў, жылкамгасу, а таксама жыхароў райцэнтру».

Чыноўнік «выказаў надзею, што гэты дзень дасць старт новым спартовым дасягненням, перамогам і рэкордам», піша круглянская раёнка «Сельскае жыццё».

Паводле выдання, традыцыйную чырвоную стужку на адкрыцці пляцоўкі перарэзалі Сяргей Храмцоў, Анжэла Лукашэвіч, а таксама самыя актыўныя хлопцы з двара, дзе забаўляльню ўпарадкавалі.

фота з рэсурсу krugloe.by

Праз санкцыі эканоміка Магілёўскага раёну «прасела». Гаспадарка трымаецца на двух замежных прадпрыемствах, адно больш не працуе

Многія вытворчасці з-за санкцыйнай палітыкі знізілі аб’ёмы ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага году, прызнаюць у Магілёўскім райвыканкаме. Мясцовая эканоміка трымаецца на двух прыватных прадпрыемствах з замежным капіталам. Адно з іх 1 чэрвеня прыпыніла дзейнасць у Беларусі.

Гаворка пра вынікі працы прамысловага комплексу першых шасці месяцаў гэтага году. За гэты час у раёне выраблена прамысловай прадукцыі ў фактычных цэнах на 503,8 мільёнаў рублёў.

Паводле намесніцы старшыні райвыканкаму Ірына Чындо доля двух прадпрыемстваў з замежным капіталам, у аб’ёме прамысловай вытворчасці арганізацыяў раёну сягае амаль 55 працэнтаў.

Доля сумеснага беларуска-аўстрыйскага прадпрыемства «Кранаспан» – 30,7 працэнтаў. Беларуска-літоўскае «ВМГ Індустры» дае раёну 23,3 працэнты. Гэтае прадпрыемства з 1 чэрвеня прыпыніла сваю дзейнасць у Беларусі. У Магілёве спынены дрэваапрацоўчы завод кампаніі.

Наколькі «прасела» эканоміка раёну ў параўнанні з аналягічным пэрыядам мінулым годам Ірына Чындо не паведаміла. Адзначыўшы, што ёсць таварныя пазіцыі, дзе назіраецца стабільны рост.

Паводле яе павялічыўся выраб зборных будаўнічых металаканструкцыяў, дзвярэй, а таксама мяса птушкі. Гэтая прадукцыя вырабляецца таксама на прыватных прадпрыемствах.

Інфармацыйнае агенцтва Белта, спасылаючыся на Ірыну Чындо, канстатуе: «многія вытворчасці праз з-за санкцыйнай палітыкі знізілі аб’ёмы ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага году».

Адшукаць звесткі пра сітуацыю ў эканоміцы раёну першых шасьці месяцаў мінулага году не ўдалося. У адкрытых крыніцаў падаюцца дадзеныя за 9 месяцаў. Паводле іх за гэты час аб’ём вырабленай прамысловай прадукцыі ў фактычных адпускных цэнах перавышаў адзін мільярд рублёў – 1 011,2.