Дызайнерка Злата Цітова з Чавус рыхтавала дыпломны праект, а атрымалася свежая, атмасферная кніжка-пуцевадзіцель па Магілёве. Пра сваю працу над выданнем аўтарка расказала “Камерцыйнаму весніку”.
Дзяўчына нарадзілася ў Чавусах, але разам з бацькамі яна часта наведвала абласны цэнтр, адзначала тут святы. Калі вучылася ў Магілёве на дызайнера ў каледжы мастацтваў, у яе ўзнікла думка скласці сваё захапленне Магілёвам у асобнае выданне. “Да Магілёва ў мяне любоў з дзяцінства, як і да малявання” – прызнаецца дзяўчына.
Самыя цікавыя і захапляльныя месцы ў Магілёве Злата Цітова выбірала сама. У Магілёве ў першакурсніцы не было знаёмых, якіх яна магла папрасіць параіць, у якія цікавыя месцы схадзіць, таму ўсю інфармацыю здабывала самастойна.
– За чатыры гады жыцця ў Магілёве я сабрала шмат вельмі цікавых месцаў, дзе любяць бавіць вольны час магілёўцы – адпачываць, шпацыраваць, піць каву. І калі вы туды пойдзеце, сапраўды абыякавымі не застанецеся, таму што ў Магілёве вельмі імкнуцца зрабіць добрае ўражанне. Нездарма мяне гэты горад да гэтага часу радуе і здзіўляе. Некаторыя развароты я прысвячала нават барам, таму не скажу, на які кніга разлічана ўзрост, але дакладна ведаю, што яна і для магілёўца падыдзе, і для турыста.
Адметная рыса выдання – яна практычна без фотаздымкаў, а ўсе малюнкі Магілёва Злата Цітова зрабіла сама. І атрымалася ў яе шыкоўна.
У сваім Інстаграме дзяўчына папрасіла напісаць ёй, калі хтосьці захоча набыць гэты даведнік для сябе. Справа ў тым, што першапачаткова кніжка была выдадзеная ўсяго ў двух экзэмплярах. Але цяпер, пасля хвалі папулярнасці, Злата Цітова вырашыла выдаць яе большым накладам. Плюс, акрамя кнігі, яна таксама выпускае атмасферныя магілёўскія сцікеры. Больш выяваў можна знайсці на старонцы дзяўчыны ў Інстаграм.
Фота: “Камерцыйны кур’ер”