У Магілёве пабудуюць яшчэ адзін падземны пераход

Пачалася падрыхтоўка будаўніцтва новага падземнага перахода ў Магілёве. Ён пройдзе пад скрыжаваннем праспекта Міра з вуліцамі Касманаўтаў і Якубоўскага.

Новы падземны пераход будуецца ў раёне Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А. Куляшова. Гэта будзе Т-падобны пераход, які будзе выходзіць да гандлёвага цэнтра “ПерекрестОК” з аднаго боку, а з другога – да пешаходнага маста праз чыгуначныя шляхі піша канал “Магілёў.Галоўнае”. Зараз на месцы будучага будаўніцтва працуюць камунальшчыкі і служба газу, пракладваюць новыя камунікацыі.

Пераход запраектаваны ў межах работ па стварэнні ў Магілёве ўнутранай кальцавой магістралі. Раней паведамлялася, што лінія новай трасы пройдзе ад перасячэння праспекта Міра з вуліцай Каралёва да перасячэння таго ж праспекта Міра з вуліцай Якубоўскага. Гэта будзе шасціпалосная траса – па тры паласы ў кожны бок.

Фота: канал “Магілёў.Галоўнае”

У Магілёве на праспекце Міра бачылі спалоханага лася

Амаль што ў цэнтры горада, каля прадпрыемства “Шагавіта” на праспекце Міра ў Магілёве мінакі сёння раніцай заснялі спалоханага лася. Жывёліна відавочна сама знаходзілася ў шоку ад таго, куды патрапіла, і бегала з боку ў бок, шукаючы бяспечны шлях на волю. Відэаролік з гэтымі прыгодамі лася ў Магілёве выклаў Тэлеграм-канал “Магілёў 24/7” каля восьмай гадзіны раніцы. Якім быў далейшы лёс дзікай жывёлы – пакуль не паведамляецца.

Фота: “Магілёў 24/7”, скрыншот 

Прыгожае відэа з краявідамі Магілёва. Зазірнём на праспект Міру

Гэтую мясціну з некалькімі скверамі, адзін з якіх мае сумную гісторыю, пазнае кожны магілёвец. Да ўзвядзення шматпавярховікаў над ёю дамінавала гасцініца «Магілёў». Яшчэ колькі дзясяткаў гадоў таму тут быў закутак «сялянскага» гораду. Праспект Міру змяніў яе аблічча.


Магілёў.media працягвае прагулкі па вядомым мясцінам гораду. Мы стараемся паказаць у сваіх відэазамалёўках хараство магілёўскіх краявідаў. Яны дапамагаюць адпачыць ад будзённасці, акунуцца ў свет гісторыі роднага гораду і, магчыма, угледзець будучыню.