Наведванне папраўчай установы праводзяць для выпрацоўкі законапаслухмянасці ў маладых людзей.
Як піша «Веснік Магілёва», навучэнцаў каледжа мастацтваў і каледжа сферы абслугоўвання адправілі на гадзіну ў магілёўскую турму №4. Калі навучэнцы каледжаў зайшлі на тэрыторыю турмы, яны сталі падпарадкоўвацца ўнутраным правілам установы: мусілі здаць на захоўванне тэлефоны і іншыя асабістыя рэчы, пашыхтавацца ў шэраг і прадэманстраваць змесціва кішэняў. На пэўны час дзверы папраўчай установы для маладых людзей зачыніліся.
Навучэнцаў, з якімі ў іх установах адукацыі праводзіцца індывідуальная выхаваўчая работа, азнаёмілі з побытам зняволеных, далі магчымасць пагутарыць з равеснікам, асуджаным за незаконны абарот наркатычных сродкаў і псіхатропных рэчываў, бо менавіта такія злачынствы ў апошнія гады лідзіруюць сярод моладзі.
Па меркаванні намесніка пракурора Магілёва Яўгена Фурманава, падобныя мерапрыемствы – адзін з дзейсных спосабаў прафілактыкі. Па словах Фурманава мэта такіх “экскурсій” – стымуляванне маладых людзей быць законапаслухмянымі і ўсведамляць адказнасць за свае ўчынкі.
У 2022 годзе турму № 4 г. Магілёва наведала больш за 400 навучэнцаў устаноў адукацыі горада.
Фота ілюстрацыйнае