У пачатку жніўня mogilev.media звярнулі ўвагу на дзіўны лот на аўкцыёне “БелЮрЗабеспячэння” – на продаж была выстаўлена труба ў Бабруйску. Канструкцыю разам з зямельным участкам прадавалі за 19 600 рублёў з-за запазычанасці прадпрыемства “Цеплаэнергетыка”.
Прызначаны на 27 жніўня аўкцыён адбыўся. Бабруйскае выданне “Камерцыйны кур’ер” са спасылкай на прадстаўніка “БелЮрЗабеспячэння” паведамляе, што заяўку на ўдзел у аўкцыёне падаў адзін чалавек.
Па законе, калі патэнцыйных пакупнікоў менш за два, таргі прызнаюцца несапраўднымі. Пры гэтым, адзінаму магчымаму ўласніку даецца права выкупіць лот за суму, роўную стартаваму кошту плюс пяць працэнтаў. Прыняць рашэнне пакупнік павінен на працягу пяці працоўных дзён. У выпадку адмовы ад здзелкі трубу паўторна выставяць на таргі з 20-працэнтным паніжэннем кошту.
Фота: БелЮрЗабеспячэнне