Фінская кампанія Olvi асудзіла вайну ва Ўкраіне і заявіла ў сакавіку, што ўжо спыніла экспарт прадукцыі ў Расію і Беларусь. Тады ж пачала працэс сыходу з беларускага рынку і спыніла інвестыцыі ў Беларусь.
Кампаніі належаць 96,36% акцыяў «Лідскага піва» і цягам бліжэйшага году яна наважаная прадаць беларускія актывы. Пры гэтым прызнае, што страта паспяховага беларускага бізнесу моцна ўдарыць па яе фінансавых паказчыках, аднак збіраецца давесці прынятае ў сакавіку рашэнне да канца.
У піваварным холдынгу лічаць, што ажыццяўленню плана не павінна перашкодзіць чэрвеньская забарона беларускіх уладаў на адчужэнне доляў айчынных прадпрыемстваў, якімі валодаюць уласнікі з «недружалюбных» краін, піша рэсурс MyFin.
Кампанія звяртае ўвагу на тое, што для завяршэння гэтага працэсу патрабуюцца асобныя дазволы ад мясцовых улад і беларускага антыманапольнага рэгулятара, пры гэтым улады маюць пераважнае права набыцця кампаніі.
Холдынг ужо пачаў шукаць магчымага пакупніка і весці перамовы аб адчужэнні бізнесу.
«Нягледзячы на новыя абмежаванні, кіраўніцтва кампаніі мяркуе, грунтуючыся на даступнай у дадзены момант інфармацыі і праведзеных з мясцовымі ўладамі перамовах, што продаж актываў магчыма ажыццявіць у адпаведнасці з папярэдне вызначаным 12-месячным тэрмінам» – пазначана ў фінансавай справаздачы кампаніі за сёлетнія студзень-чэрвень, на якую спасылаецца рэсурс Myfin.