У Клайпедзе, былым горадзе пабраціме Магілёва, шэсце да «Свята мора» спыніў мужчына ў форме расійскага вайскоўца. Яго затрымалі

Ён спрабаваў узначаліць шэсце і нейкі час ішоў наперадзе калоны паліцэйскіх матацыклістаў. Просьбу праваахоўнікаў сысці мужчына выканаў, але адышоўшы з праязной часткі зняў курту, пад якой была ўніформа з атрыбутыкай расійскіх вайскоўцаў.

На пытанне журналістаў выдання Delfi, чаму перашкаджае шэсцю, ён адказаў, што з’яўляецца камендантам Мемельскага замку і мае ўзначальваць калону. Адзначаецца, што яго адказ быў на «ламанай літоўскай мове».

Мужчыну затрымалі. Супраць яго выкарысталі спецсродкі – начапілі кайданкі на рукі.

«Свята мора» праводзіцца да 770-годдзя Клайпеды.


Пішам, як вайна ва Ўкраіне ўплывае на жыццё еўрапейскіх гарадоў, якія маюць партнёрскія дачыненні з гарадамі Магілёўскай вобласці.


Магілёў аднавіў пабрацімства з Клайпедай 8 сакавіка 1997 году. На пачатку сакавіка 2022 году ў сувязі з поўнамаштабнай вайной Расіі супраць Украіны Клайпеда скасавала партнёрскія кантакты з расійскімі і беларускімі гарадамі. Такія адносіны спыненыя і з Магілёвам. Нягледзячы на гэта на сайце беларускага гораду Клайпеда застаецца сярод гарадоў пабрацімаў.

Магілёў. media працягвае сачыць за жыццём Клайпеды і спадзяецца, што пабрацімства з літоўскім горадам будзе адноўлена, калі сітуацыя ў Беларусі зменіцца.

Клайпеда месціцца на захадзе Літвы і з’яўляецца портам на Балтыйскім моры. Насельніцтва 160 тысяч чалавек.