Хроніка прыхаванай рэальнасці. Суды, зняволенні, вызваленні

Звесткі пра пераслед паводле праваабаронцаў, медыяў і родзічаў тых, хто зазнае яго.

Алена Лазарчык

Асуджаная да 8 гадоў калоніі агульнага рэжыму.

Паводле праваабаронцаў, працэс над актывісткай «Еўрапейскай Беларусі» быў закрытым. На ім старшыняваў суддзя Павел Клімаў.

Лазарчык вінавацілі ў «абразе Лукашэнкі», «стварэнні экстрэмісцкага фармавання або ўдзеле ў ім», «распальванні варожасці ці варажнечы», «актыўных дзеяннях, якія груба парушалі грамадскі парадак».

22 ліпеня КДБ унёс Лазарчык у «спіс тэрарыстаў».

Праваабарончая супольнасць яна прызнала палітзняволенай.

Васіль Дземідовіч

Асуджаны да 6 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму, штрафу ў 1600 рублёў. 

Ён абавязаны сплаціць «пацярпелым» кампенсацыю маральнай шкоды ў памеры 32 000 рублёў.

Паводле праваабаронцаў, 70-гадовага пенсіянера абвінавацілі ў “абразах прадстаўніка ўлады, суддзі, Лукашэнкі і арганізацыі масавых беспарадках”.

Нагодай для крымінальнага пераследу сталі каментары ў сацыяльных сетках.

На працэсе старшыняваў суддзя Ленінскага суду Гродна Юрый Казакевіч.

Сяргея Бабко

Асуджаны да 2 гадоў калоніі агульнага рэжыму.

Нагодай для крымінальнага пераследу сталі каментары ў сацыяльных сетках.

Паводле праваабаронцаў, яго абвінавацілі ў “абразе Лукашэнкі” і “абразе прадстаўніка ўлады”.

Праваабарончай супольнасцю ён прызнаны палітзняволеным. Яго затрыманы сёлета 26 мая. Спачатку ўтрымлівалі ў жодзінскім следчым ізалятары, а затым перавялі ў мінскае СІЗА-1.

Яўген Юнцэвіч

Затрыманы.

Праваабаронцы даведаліся пра зняволенне Юнцэвіча з «пакаяльнага відэа», апублікаванага на праўладных тэлеграм-каналах.

Праваабаронцы дапускаюць, што нагодаю для зняволення стала рэгістрацыя Юнцэвіча ў плане “Перамога” і распаўсюджванне ім “экстрэмісцкіх матэрыялаў”.

Віктар Жаркевіч

Адпушчаны па адбыванні 13 дзён адміністрацыйнага арышту.

Паводле праваабаронцаў, яго схапілі 5 верасня ў Мінску. На наступны дзень праўладныя тэлеграм-каналы апублікавалі відэа, на якім Жаркевіч трымае ў руках дзверы ад халадзільніка з налепленымі на іх стыкерамі. На галаве ў яго была будаўнічая каска з “Пагоняю”, рукі скутыя кайданкамі.

Віктару Жаркевічу 49 гадоў і ён вядомы як адзін з найстарэйшых у краіне панкаў.

Ігар Банцар

Адпушчаны па адбыванні адміністрацыйнага арышту.

Праваабаронцы пішуць, што ў няволі яго ўтрымлівалі 45 дзён. Па словах блізкіх ён “перабывае ў цяжкім маральным і фізічным стане”.

Нагодай для пераследу стала, паводле сілавікоў, распаўсюджванне “экстрэмісцкіх матэрыялаў”.

Хроніка прыхаванай рэальнасці. Суды, зняволенні, вызваленні

Звесткі пра пераслед паводле праваабаронцаў, мэдыяў і родзічаў тых, хто зазнае яго.

Міхаіл Зубкоў

Асуджаны на 3 гады калоніі агульнага рэжыму.

Праваабаронцы паведамляюць, што летась у верасні Зубкоў удзельнічаў у маршы ў Гомелі. Яго затрымаў АМАП. 15 дзён ён правёў у ІЧУ.

Больш да Зубкова прэтэнзіяў з боку міліцыі не было, сцвярджаюць сваякі. Аднак, калі Міхась паехаў на працу ў Маскву, яго зноў затрымалі.

Суд Цэнтральнага раёну Гомля абвінаваціў яго ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, а таксама ў гвалце над супрацоўнікамі міліцыі.

Максім Плятнёў

Асуджаны на год калоніі агульнага рэжыму.

Праваабаронцы пішуць, што нагодай для крымінальнага пераследу Плятнёва сталі надпісы на кіёску, электрападстанцыі, будынку цепласетак і шматпавярховіку.

19 жніўня суд Ленінскага раёну Гродна прызнаў Плятнёва вінаватым у “апаганьванні збудаванняў і псаванні маёмасці”.

Генадзь Драздоў

Мастак і былы кіраўнік творчага аб’яднання «Пагоня» затрыманы.

Пра зняволенне паведамляюць ягоныя калегі. Яны высвятляюць акалічнасці і прычыны затрымання.

Драздоў з 1999 года – чалец Беларускага саюзу мастакоў. Яго работы экспанаваліся на выставах у Беларусі, Польшчы, Чэхіі, Германіі, ЗША, Нарвегіі, Бельгіі, Украіне, Расіі. У гэтых краінах прайшло больш за дзясятак яго персанальных выставак.

10 сакавіка ён даў інтэрвʼю пра палітвязня, мастака Алеся Пушкіна, якое з 23 снежня 2021 года лічыцца ў спісе «экстрэмісцкіх матэрыялаў».

Аляксей Ільінчык

Затрыманы.

Пра тое паведамляюць праваабаронцы, спасылаючыся на праўладныя тэлеграм-каналы. Паводле іх, мужчыну затрымалі з-за ««творчай» дзейнасці ў інтэрнэце».

Ільінчыку – 60 гадоў. Ён бард, удзельнік і арганізатар фестываляў. Правёў 85 канцэртаў, аўтар кніг.

Ігар Шарамаў

Затрыманы, паведамляюць праваабаронцы.

Яны дапускаюць, што нагодаю да зняволення мог стаць фотаздымак з рамкай у выглядзе сцяга Украіны. Судовы працэс у дачыненні да яго, пішуць праваабаронцы, імаверна пройдзе ў панядзелак.

Шарамаў утрымліваецца ў ізалятары часовага ўтрымання. Сам ён з Наваполацку.

Аляксандр Аўдзяюк

Асуджаны на два гады калоніяў агульнага рэжыму, этапаваны ў Івацэвіцкую папраўчую калонію № 5.

Жыхар Быхава прызнаны праваабарончай супольнасцю палітвязнем.

Суд Быхаўскага раёну 1 красавіка асудзіў яго за «паклёп і абразу Лукашэнкі». Асуджаны паставіў упадабайку пад допісам у «Аднакласніках».

Хроніка прыхаванай рэальнасці. Суды, зняволенні, вызваленні

Звесткі пра пераслед паводле праваабаронцаў, мэдыяў і родзічаў тых, хто зазнае яго.

Дзяніс Івашын

15 жніўня Гродненскі абласны суд пачаў разглядаць крымінальную справу на журналіста, прызнаванага праваабарончай супольнасцю палітвязнем. Працэс праходзіць у закрытым рэжыме.

Дзяніс Івашын утрымліваецца за кратамі 521 дзень. Супрацоўнікі КДБ затрымалі яго 12 сакавіка 2021.

Паводле праваабаронцаў, спачатку журналіста зрабілі падазраваным у справе “умяшання ў дзейнасць супрацоўнікаў органаў унутраных спраў”. Пазней яму выставілі абвінавачванне яшчэ і за «здраду дзяржаве». КДБ вінаваціць Івашына ў супрацоўніцтве з украінскай выведкай.

Аляксандр Кухарэнка

Асуджаны на 10 дзён адміністрацыйнага арышту.

Паводле праваабаронцаў, нагодаю для пераследу архітэктара і музыкі стаў рэпост спасылкі на відэа пра Рамана Бандарэнку, загінулага быўшы затрыманым у Мінску на плошчы Пераменаў.

Аляксандра Кухарэнку забралі 2 жніўня ў Мінску. Сваю віну прызнаў. Ён патлумачыў, што размясціў спасылку на відэа да таго, як канал, дзе яна з’явілася, прызналі экстрэмісцкім.

Мікіта Палеонка

Асуджаны на 4 гадоў калоніі агульнага рэжыму.

Прызнанаму праваабарончай супольнасцю палітвязнем інкрымінавалі «абразу Лукашэнкі», «абразу прадстаўнікоў улады», «стварэнне экстрэмісцкага фармавання альбо ўдзел у іх», «распальванне іншай сацыяльнай варожасці».

Праваабаронцы пішуць, што паводле абвінавачвання, 28-гадовы жыхар Віцебска, «зʼяўляючыся актыўным падпісчыкам экстрэмісцкіх Telegram-каналаў, заклікаў да гвалту, абражаў міліцыянтаў і “прэзідэнта”».

Дзяніс Ландычанка

Затрыманы.

Пра тое праваабаронцам стала вядома з праўладных крыніц. Паводле іх 23-гадовы хлопец быў падпісаны на «экстрэмісцкія» тэлеграм-каналы і рабіў з іх рэпосты.

Яўген Грыцок

Затрыманы.

Пра тое праваабаронцы дазналіся з праўладных тэлеграм-каналаў. Паводле іх, 24-гадовы хлопец, «наслухаўшыся дэструктыўнага земляка», прыняў удзел у паслявыбарчых акцыях пратэсту ў Мінску ў 2020 годзе – а менавіта, стаяў у «счэпцы».

Хроніка прыхаванай рэальнасці. Суды, зняволенні, вызваленні

Звесткі пра пераслед паводле праваабаронцаў, мэдыяў і родзічаў тых, хто зазнае яго

Дзяніс Бычкоў

Асуджаны на тры гады абмежавання волі ў калоніі адкрытага тыпу («хіміі»).

Паводле праваабаронцаў, суд Маскоўскага раёну Мінску прызнаў яго вінаватым у «хуліганстве» за пашкоджанне банераў з выявамі вайскоўцаў. 

Справу разглядаў суддзя Юрый Машкетаў.

Паводле следства абвінавачаны сваімі ўчынкамі нанёс матэрыяльную шкоду на агульную суму 1260 рублёў і 6 капеек. Сцвярджаецца, што ён кідаў у банеры з сацыяльнай рэкламай Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь ёмістасць з фарбай.

Валерый Кліменчанка

Асуджаны на тры гады калоніі за каментар па «справе Зельцара».

Паводле выраку Мінскага абласнога суду прызнаны вінаватым у «распальванні расавай, нацыянальнай, рэлігійнай, ці іншай сацыяльнай варожасці, або варажнечы» за каментары па «справе Зельцара».

Следства настойвае: жыхар Маладзечна 29 верасня 2021 года размясціў у «Instagram» выказванні, якія заклікаюць да гвалтоўных дзеянняў супраць супрацоўнікаў праваахоўных органаў і прадстаўнікоў улады.

Справу разглядала суддзя Вікторыя Палешчук.

Інцыдэнт з Зельцарам адбыўся 28 верасня 2021 году. У КДБ тады паведамілі, што ў Мінску падчас рэйду быў смяротна паранены супрацоўнік ведамства. Сілавікі ў адказ адкрылі агонь і застрэлілі жыхара кватэры. Пазней стала вядома, што ім аказаўся Андрэй Зельцара, супрацоўнік кампаніі EPAM Systems.

За каментары ў сацсетках у «справе Зельцара» затрымалі ўжо каля 200 чалавек.

Аляксандр Іваноў

Праўладныя тэлеграм-каналы паведамляюць, што 60-гадовы мужчына, які працаваў HR у IBA-Gomel, затрыманы за «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці».

Ён, нібыта, даслаў «экстрэмісцкім каналам» фота і відэа вайсковай тэхнікі, паведамляюць праваабаронцы.

Вікторыя Ждановіч

Паводле праваабаронцаў 23-гадовую дзяўчыну забралі супрацоўнікі ГУБАЗіК.

Яна робіць інжынерам-праграмістам у Беларускім дзяржаўным універсітэце інфарматыкі і радыёэлектронікі.

У праўладных тэлеграм-каналах з’явіўся відэазапіс, на якім схопленая сілавікамі кажа, што ўдзельнічала ў акцыях пратэсту ў 2020 годзе, «перакрывала рух транспарту», а таксама была падпісаная на «экстрэмісцкія тэлеграм-каналы».

Алесь Рамановіч

Пінскага праваабаронцу пазбавілі апякунства над хворым братам.

Па ягоных словах, камісія, якая прымала такое рашэнне, калі ён утрымліваўся ў няволі наведалася да брата. Апекуна не заспела разам з ім, што і стала падставай для пазбаўлення апякунства. Пра тое яму паведамілі ў лісце.

Рамановіч быў затрыманы напачатку жніўня. Да суду, які аштрафаваў яго на 960 рублёў, утрымліваўся ў ізалятары.

Незалежных прафсаюзаў у Беларусі не будзе. Абвінавачаныя ў палітызаваным характары дзейнасці

Генеральны пракурор накіраваў у Вярхоўны суд заяву аб спыненні дзейнасці 5 прафсаюзных аб’яднанняў.

Пра тое гаворыцца ў паведамленьні, распаўсюджаным у тэлеграм і ютуб каналах ведамства.

Паводле яго з 2020 году «дзейнасць асобных прафсаюзаў на тэрыторыі Беларусі набыла палітызаваны характар», а «замест выканання ўскладзеных функцыяў кіраўніцтва і чальцы гэтых арганізацыяў бралі ўдзел у дэструктыўнай дзейнасці, несанкцыянаваных мерапрыемствах, распаўсюджвалі інфармацыйную прадукцыю экстрэмісцкага зместу».

Пад забарону трапляюць:

– Свабодны прафсаюз Беларускі;

– Свабодны прафсаюз металістаў;

– Беларускі незалежны прафсаюз гарнякоў, хімікаў, нафтаперапрацоўшчыкаў, энергетыкаў, транспартнікаў, будаўнікоў і іншых работнікаў;

– Беларускага прафсаюзу работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці;

– Асацыяцыя прафсаюзаў «Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў».

З заявы Генеральнай пракуратуры вынікае, што прафсаюзныя аб’яднанні не выконвалі сваёй галоўнай мэты «павышэнне жыццёвага ўзроўню і сацыяльнай абароненасці грамадзян, абароны іх працоўных, сацыяльна-эканамічных правоў і інтарэсаў”.

 


Праваабарончая супольнасць месяц таму прызнала палітвязнямі 10 прадстаўнікоў незалежных прафсаюзаў. Яны былі затрыманыя ў красавіку 2022 году. Сярод іх кіраўнікі некаторых прафсаюзаў і шараговыя актывісты. Пра сутнасць выстаўленых ім абвінавачанняў амаль нічога невядома.