Два аб’екты ў Слаўгарадзе занесены ў спіс Дзяржаўных гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі – гэта ансамбль царквы Раства Багародзіцы з адметнымі фрэскамі і будынак былой паштовай станцыі.
Слаўгарадская царква, званніца і царкоўна-прыходская школа, пабудаваныя па загадзе князя А.М.Галіцына ў 1791-1793 гадах па праекце рускага архітэктара Мікалая Львова, з’яўляюцца адным з самых дасканалых прыкладаў архітэктуры класіцызму ў Беларусі.
Будынак былой паштовай станцыі пабудаваны ў стылі неаготыкі ў другой палове XIX стагоддзя паводле «ўзорнага праекту» 1846 года. У будынку паштовай станцыі размяшчаліся кватэра наглядчыка і пакоі для прыезджых. Акрамя гэтага, меўся флігель для фурманаў, свіран і хлеў. Сёння ад комплексу захаваўся толькі адміністрацыйны будынак.
Цяпер гэтыя аб’екты спадчыны маюць патрэбу ў правядзенні рамонтных работ. Пагэтаму былі адкрыты дабрачынныя рахункі, каб ўсе зацікаўленыя асобы і арганізацыі маглі аказаць неабходную спонсарскую дапамогу – паведамляе слаўгарадская раённая газета “Прысожскі край”.
Фота з адкрытых крыніц