Кацярына Андрэева
Журналістка тэлеканалу «Белсат» паўторна асуджана на закрытым працэсе на 8 гадоў зняволення. Справу разглядаў суддзя Алег Харошка. Пра гэта стала вядома калегам Кацярыны Андрэевай.
5 верасня 2022 году яна мелася быць вызваленай па сканчэнні папярэдняга прысуду.
7 красавіка 2022 году сям’і палітзняволенай стала вядома, што ёй выстаўленае абвінавачанне ў «Здрадзе дзяржаве». Падставы для крымінальнага пераследу зняволенай застаюцца невядомымі
Журналістак Кацярыну Андрэеву і Дар’ю Чульцову затрымалі 15 лістапада 2020 года за стрым, падчас якога яны паказалі разгон акцыі памяці Рамана Бандарэнкі. За яго ім прысудзілі па 2 гады зняволення.
Зняволенне Андрэева адбывала ў папраўчай калоніі № 4 у Гомелі. 10 лютага яе этапавалі ў гомельскае СІЗА. Цягам 55 дзён сваякі не ведалі, у межах якой справы і ў якім статусе яе трымаюць.
_______________________________________________
Павел Аўчароў
Асуджанаму да пяці гадоў калоніі палітзняволенаму дадалі яшчэ паўтара года.
Паводле праваабаронцаў яго прызналі вінаватым у «злосным непадпарадкаванні патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы».
Аўчарова затрымалі 8 кастрычніка 2020 года, а 20 мая 2021 года суд Маскоўскага раёну Мінска прызнаў яго вінаватым ва ўдзеле ў масавых беспарадках, (арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, а таксама за супрацьдзеянне супрацоўніку міліцыі.
_______________________________________________
Мікалай Бузько
У Брэсцкай вобласці жыхара райцэнтру Іванава аштрафавалі на 960 рублёў за рэпост у сацыяльных сетках, які ён зрабіў 5 гадоў таму.
Згодна з матэрыяламі справы Бузько 27 сакавіка 2017 году размясціў на сваёй старонцы ў Facebook у адкрытым доступе матэрыял «Радыё Свабода» і захоўваў яе.
У 2021 годзе публікацыя стала забароненай, бо выданне, якое апублікавала яе, трапіла ў спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.
Бузько прызналі вінаватым у распаўсюджанні заклікаў да экстрэмісцкай дзейнасці, або прапагандаванай такую дзейнасць.
_______________________________________________
Прафсаюзы
Вярхоўны суд Беларусі зліквідаваў Беларускі прафсаюз работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці і Беларускі незалежны прафсаюз.
14 і 18 ліпеня суд разгледзець аналагічныя пазовы ў дачыненні да яшчэ трох незалежных прафсаюзаў: Свабоднага прафсаюзу металістаў, Свабоднага прафсаюзу Беларускага і Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў.
Лідары двух зліквідаваных прафсаюзаў застаюцца пад вартай, як і прадстаўнікі тых, ліквідацыю якіх яшчэ будуць разглядаць.
Паводле прэс-службы Генпракуратуры дзейнасць незалежных прафсаюзаў з 2020 года нібыта «набыла палітызаваны характар», а іх кіраўніцтва і шараговыя сябры займаліся «дэструктыўнай дзейнасцю», удзельнічалі ў «несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах», распаўсюджвалі «экстрэмісцкую прадукцыю».