Навіны пабрацімаў. У Мікалаеўскай вобласці Расія разбурала 94 школы. 96% мясцовых школ пачалі навучальны год дыстанцыйна

Да поўнамаштабнага ўварвання расійскіх войск ва Ўкраіну на Мікалаеўшчыне было 1043 навучальных устаноў. За паўгода вайны 23 школы разбураныя, 309 пашкоджаныя. Яшчэ 85 знаходзяцца на акупаванай расіянамі тэрыторыі.


Пішам, як вайна ва Ўкраіне ўплывае на жыццё еўрапейскіх гарадоў, якія маюць партнёрскія дачыненні з гарадамі Магілёўскай вобласці.


У Мікалаеўскай вобласці 96 працэнтаў школ перайшлі на навучанне анлайн, кажа кіраўнік абласной ваеннай адміністрацыі Віталій Кім.

Па яго словах, «толькі невялікая колькасць навучальных устаноў у Крывазерскім і Першамайскім раёнах вырашылі вучыцца на вочнай форме», паведамляе інфармацыйнае агенцтва «УКРІНФОРМ».

Ад расійскіх абстрэлаў пацярпелі і Вышэйшыя навучальныя ўстановы. Ракеты пацэлілі і ў Нацыянальны ўніверсітэт караблебудавання, Чарнаморскі нацыянальны ўніверсітэт імя Пятра Магілы і Нацыянальны ўніверсітэт імя Сухамлінскага. Будынкі навучальных установаў сур’езна пашкоджанныя, пісаў Магілёў.media.


Пабрацімства Мікалаева з Магілёвам было замацаванае дамовай у 2009 годзе.

31 мая 2022 году мэр украінскага гораду заявіў, што Пагадненне аб пабрацімстве з Магілёвам скасаванае і выказаў спадзеў, што яно будзе адноўленае, калі Беларусь стане свабоднай.

Магілёў. media працягвае сачыць за жыццём Мікалаева, нягледзячы на спыненне партнёрскіх сувязяў з Магілёвам.

Мікалаеў месціцца за 65 кіламетраў ад Чорнага мора. Да вайны ў ім жыло 490 тысяч чалавек. Траціна з іх вымушана была пакінуць горад. Паводле Генштабу Узброеных сіл Украіны Мікалаеў адзін з асноўных кірункаў наступу расіян.

Яго рэгулярна абстрэльваюць, знішчаючы гарадскую інфраструктуру і змушаючы мясцовую ўладу капітуляваць. Прэзідэнт Украіны Уладзімер Зяленскі прысвоіў Мікалаеву ганаровае званне «Горад-герой».