У Клімавічах тля атакавала ліпы. Дрэвы «заплакалі»

Тлю актывізавала спякотнае надвор’е. Ледзь заўважная жамяра харчуецца лістотай дрэва, перакусваючы капіляры. Паратунак для дрэваў – пахаладанне.

«Звярніце ўвагу на лісце ліпаў у нашым горадзе. Яны ўсцяж у тлі, якая бязлітасна грызе лісцейка, разбураючы капіляры. Вось і пакутуюць нябогі дрэвы, і плачуць», – б’е трывогу мясцовая раёнка «Родная ніва».

stroy-podskazka.ru

Як сцвярджаюць спецыялісты, спякотнае надвор’е стварае спрыяльныя ўмовы для масавага размнажэння шкоднікаў. Да ліпкай вадкасці, якае капае з дрэва, часта дадаюцца павуцінкі, утвораныя ў выніку лінькі тлі.

Ліпкія выдзяленні жыццядзейнасці жамяры для ліпы бяспечныя. Аднак, тля сілкуецца клеткавым сокам лісця, што адмоўна адбіваецца на стане дрэва. Яно слабне і можа загінуць.

Ліпа – неабходнае дрэва для гарадскога асяроддзя. Яно добра расце, выдатна адаптуецца да забруджвання атмасферы аўтатранспартам і прамысловымі прадпрыемствамі. Ліпа назапашвае ў лістоце вялікую колькасць цяжкіх металаў, што істотна аптымізуе стан навакольнага асяроддзя.

Пра важнасць ліпы для гораду і яе адметнасць у свеце раслін пісаў Магілёў.media ў адной са сваіх публікацыяў. 

Ліпа – найулюблёнае дрэва беларуса. Яе высаджваюць пры гарадскіх магістралях, у дварах жылой забудовы, у асяродках адпачынку. У канцы чэрвеня і пачатку ліпеня водар ад гэтага дрэва насычае паветра.

Ліпа – сімвал кахання, урадлівасці, дабрабыту, вернасці, дружбы, міру, справядлівасці, альтруізму, удачы. Яшчэ яна – сімвал сужэнскай любові, гасціннасці і сціпласці.