Мапа Магілёва 1812 года захоўваецца ў картаграфічнай калекцыі Staatsbibliothek zu Berlin – Берлінскай дзяржаўнай бібліятэкі. Раней доступ да выявы мелі толькі даследчыкі і адмыслоўцы, цяпер жа выява размешчаная ў вольным доступе.
Мапа ўяўляе сабой план цэнтральнай часткі горада і ўмацаванняў, са схематычным указаннем асноўных вуліц. Звяртае на сябе ўвагу дэталізацыя менавіта ўмацаванняў Магілёва – акрамя тэрыторыі былога замка, які ўжо не існаваў амаль стагоддзе на той час, абазначаныя некалькі рэдутаў. Таксама выразна выдзеленыя лініі гарадскіх сцен, дакладна ўказаныя гарадскія брамы.
На плане горада ёсць чарнільныя надпісы на нямецкай мове, а рэчка Дубравенка падпісаная кірыліцай. У верхнім правым куце прастаўлена дата складання плана – 6 верасня. Таксама прысутнічаюць подпісы алоўкам, верагодна, пазнейшыя альбо нават сучасныя. Адзін з іх і дае падставу для дакладнай даціроўкі плана – 06.09.1812 года.
Дэталізацыя ўмацаванняў, нямецкая мова тэкстаў падштурхоўваюць да думкі, што аўтарам плана мог быць хтосьці з нямецкіх жаўнераў арміі Напалеона падчас знаходжання ў горадзе ў час вайны 1812 года.