Фотарэпартаж. Паводка на Дняпры

У Магілёве Дняпро затапіў гарадкі пляж і страшыць выйсці на выкладзеныя ўздоўж яго ходнікі. Гараджане навыперадкі посцяць у сацыяльныя сеткі фотаздымкі з падужэлай ракой. Не адставаць ад землякоў вырашылі і мы. Для чытачоў падрыхтавалі вечаровы фотарэпартаж з галоўным героем – Дняпром.

Старажылы пра сёлетнюю паводку скажуць, што яна мізэрная і абавязкова згадаюць, як некалькі дзесяцігоддзяў таму Дняпро даходзіў да хат на Падміколлі. Да «вялікай зямлі» тады дабіраліся на чаўнах. Прыгадаюць і тагачасны крыгаход. Сёлета яго не было.

Згодна са звесткамі, апублікаванымі на рэсурсе Allrivers, узровень вады ў Дняпры, у межах Магілёва, 25 красавіка складаў – 474 cм. За апошнія 24 гадзіны рака «папаўнела» на 9 сантыметраў.

Адзнака, якая лічыцца небяспечнай для падтаплення жылых памяшканняў сягае 620 см.

Паводле архіўных дадзеных рэсурсу Allrivers 25 красавіка максімальны ўзровень паводкі ў Магілёве фіксаваўся ў 2013 годзе – 596 см. Мінімальны: 54 см – у 2020-ым.