Звесткі пра пераслед паводле праваабаронцаў, мэдыяў і родзічаў тых, хто зазнае яго.
Ірына Слаўнікава
Журналістка TVP асуджаная на 5 гадоў пазбаўлення волі.
Паводле калегаў Слаўнікаву суддзя Гомельскага абласнога суда Мікалай Доля прызнаў вінаватай у «арганізацыі дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак» і «стварэнні экстрэмісцкага фармавання, або ўдзел у ім».
Справа супраць журналісткі, якая праваабарончай супольнасцю прызнаная палітзняволенай, разглядалася на закрытым працэсе.
Ірына Слаўнікава была затрымана ў 2021 годзе ў мінскім аэрапорце, калі яна з мужам вярталася з адпачынку. Абое былі асуджаныя на 15 дзён адміністрацыйнага арышту за, нібыта, захоўванне ў Facebook матэрыялаў, якія былі прызнаныя «экстрэмісцкімі». 15 лістапада журналістку адправілі на такі ж тэрмін у ізалятар паводле абвінавачвання ў «дробным хуліганстве».
26 лістапада стала вядома, што Слаўнікава стала падазраванай у крымінальнай справе.
Павел Нікіценка
Жыхар Віцебску асуджаны да 4,5 гадоў калоніі.
Паводле праваабаронцаў у закрытым рэжыме яго асудзілі па шасці артыкулах Крымінальнага кодэксу. Справу разглядаў суддзя Яўген Буруноў, падрабязнасці невядомыя.
Паведамляецца, што работнік разлікова-касавага цэнтру ў Віцебску за тры гады скапіяваў з інфармацыйнай сістэмы персанальныя дадзеныя амаль 1,5 мільёна грамадзян Беларусі.
Ён нібыта з’яўляўся адміністратарам «дэструктыўнага» Telegram-канала і размяшчаў у інтэрнэце заклікі, указанні і навучанні пабуджальнага характару на ўчыненне групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак ды абразы на адрас Лукашэнкі і старшыні ЦВК.
Праваабаронцам вядома, што падчас затрымання Нікіценку быў моцна збілі і здароўе ён да гэтага часу не аднавіў.
Галіна Патаева
Пра яе затрыманне стала вядома з праўладных тэлеграм-каналаў.
Паводле іх, кіраўніцу турыстычнага агенцтва «Віяполь», якая ладзіла беларускамоўныя экскурсіі, і выкладчыцу катэдры эканамічнай геаграфіі БДУ зняволілі ў Мінску.
Яе вінавацяць ва ўдзеле ў пратэстах 2020 году. Яна, лічаць сілавікі, «актыўна падтрымлівала ўдзельнікаў масавых беспарадкаў» і «займалася распаўсюджваннем экстрэмісцкіх матэрыялаў». На яе старонках у сацыяльных сетках, нібыта, былі лагатыпы незалежных СМІ і нацыянальная сімволіка
Барыс Элькін
Затрыманы па вяртанні з Польшчы. Праваабаронцы высвятляюць падставы зняволення.
Паводле іх, Элькіна забралі яшчэ 1 жніўня ў Віцебску, а ў ягоным доме адбыўся ператрус.
У 2004 годзе Элькін быў адным з арганізатараў галадоўкі прадпрымальнікаў супраць створаных мясцовымі ўладамі перашкодаў для гандлю. Пасля 2010 года ён пераехаў у Польшчу і стаў сузаснавальнікам кампаніі, якая наймае на працу беларусаў і дапамагае бежанцам з Украіны.
Данііл Калеснікаў
Цалкам адбыў тэрмін і выйшаў на волю.
17-гадоваму хлопцу ў чэрвені 2021 года прысудзілі 1 год і 3 месяцы калоніі.
У ноч з 9 на 10 жніўня 2020 года Данііл разам з бацькам Віталём Калеснікавым былі ў цэнтры Жодзіна на плошчы. Па звестках следства, яны стаялі ў счэпцы ў першым шэрагу і выкрыквалі лозунгі.
Быў асуджаны за «групавыя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак». Утрымліваўся ў бабруйскай калоніі.