У Магілёўскім гарвыканкаме паставілі «помнік рускаму гвардзейцу Сямёнаўскага палка». Пакуль у выглядзе статуэткі

Гэты полк сфармаваў расійскі самадзержца Пётр І, які загадаў у 1708 годзе спаліць Магілёў.

На першым паверсе гарвыканкаму ў зачыненым кіёску «Магілёўсаюздруку» паставілі толькі статуэтку ў выглядзе помніка, з адпаведным надпісам.

Цяпер «расійскі салдат» разам з ахоўнікам-міліцыянтам у будынку гарадской адміністрацыі сустракае наведнікаў.

Як удалося высветліць, макет «помніка рускаму гвардзейцу Сямёнаўскага палка» падарылі магілёўскім чыноўнікам госці з Расіі. Гарвыканкам вырашыў яго паставіць на першым паверсе свайго будынку. Пры ўваходзе ў яго ўсталяваная шыльда са звесткамі хто і калі Магілёву дараваў магдэбургскае права. Такім чынам, мясцовая ўладная вертыкаль захавала «паліткарэктнасць» між Усходам і Захадам.


Сямёнаўскі полк быў сфармаваны расійскім самадзержцам Пятром І ў 1691 годзе ў падмаскоўным сяле Сямёнаўскае. Тады будучы імператар, які пазней стане славутым у Беларусі забойствам манахаў у Полацку і знішчэннем Сафійскага сабору, забаўляўся вайсковымі гульнямі. Для яго сабралі пацешныя войскі, якія называлі «пацешнымі сямёнаўцамі».

У 1708 годзе на загад Пятра І яго паплечнік Аляксандр Меншыкаў спаліў Магілёў.