Стала вядома пра смерць палітзняволенага быхаўчаніна

Журналісты даведаліся пра смерць Віталя Бычкова з Быхава, які быў асуджаны па палітычным артыкуле і знаходзіўся ў так званым спісе экстрэмістаў.

Віталю Бычкову было 44 гады. Па даных сайта Dissidentby, яго імя па бацьку – Міхайлавіч. Ён паходзіў з пасёлка Колас у Быхаўскім раёне – гэта населены пункт, які з цягам часу быў уключаны ў межы самога Быхава. Судзячы па інфармацыі з сацыяльных сетак і расійскіх баз дадзеных, Бычкоў час ад часу ездзіў на заробкі ў Расію.

У 2022 годзе Быхаўскі раённы суд прызнаў яго вінаватым паводле артыкула 364 Крымінальнага кодэкса – «гвалт або пагроза гвалту ў дачыненні да супрацоўніка міліцыі». Такія справы не заўсёды маюць палітычны характар. Аднак, у выпадку з Бычковым сілавікі палічылі неабходным уключыць яго ў спіс асобаў, «датычных да экстрэмісцкай дзейнасці», паведамляе “Наша Ніва”.

Дакладныя дэталі справы, як і тэрмін пакарання, не агалошваліся. У згаданым спісе экстрэмістаў насупраць прозвішча Бычкова значыцца: «адбывае пакаранне». Гэта можа сведчыць пра прысуд у выглядзе зняволення ў калоніі або «хіміі» – абмежаванне волі з накіраваннем у папраўчую калонію адкрытага тыпу.

Жыццё Віталя абарвалося 28 кастрычніка 2024 года. Невядома, ці паспеў ён поўнасцю адбыць прызначаны тэрмін. Паводле дадзеных Digital Intelligence Team, прычынай смерці стаў інсульт.

Фота з старонкі Віталя Бычкова ў Аднакласніках

Са здароўем у Рыгора Кастусёва ўсё вельмі дрэнна

Палітзняволены Рыгор Кастусёў, які ўтрымліваецца ў гарадзенскай турме, перадаў звесткі пра свой стан. Пра гэта напісаў на сваёй старонцы ў Facebook яго зяць Дзмітрый Антончык.

 “Дайшлі весткі ад Рыгора Кастусёва. Піша, што са здароўем усё вельмі дрэнна.” – паведаміў Антончык. Больш падрабязнасцяў не прыводзіцца, але і без таго не цяжка зразумець, у якім стане зараз знаходзіцца 66-гадовы лідар партыі БНФ, асуджаны на 10 гадоў зняволення і ў якога падчас арышту было выяўлена анкалагічнае захворванне.

У студзені 2024 года палітыка перавялі з калоніі ў турму, што значна пагоршыла ўмовы яго зняволення. Таксама Рыгор Кастусў пазбаўлены спатканняў з роднымі, а ў апошні час – яшчэ і права на тэлефонныя званкі.

Фота: НН