“Я стаю на тым самым пероне, дзе яшчэ не высахла кроў майго галоўнакамандуючага” – напісаў пра перабыванне ў Магілёве нацыянальны герой Фінляндыі Карл Густаў Манэргейм.
На канале Юрыя Дудзя выйшаў ролік з гісторыкам і вядучым падкаста “Закат империи” Андрэем Аксёнавым. У ім расійскі гісторык расказаў пра эпізод, калі ў Магілёве, на чыгуначным вакзале ледзь не абарвалося жыццё вайскоўца рускай арміі, падданага Вялікага княства Фінляндскага Карла Густава Манэргейма.
На момант Кастрычніцкай рэвалюцыі Манэргейм быў у Адэсе, з’яўляючыся генерал-лейтэнантам рускай арміі, што ўдзельнічаў у Першай Сусветнай вайне. Лютаўскую рэвалюцыю, якая адбылася напярэдадні і пераследвала ідэі дэмакратызацыі грамадства, Карл Густаў Манэргейм сустрэў з натхненнем. Рэвалюцыя ж бальшавікоў выклікала ў яго непрыняцце і фінскі военачальнік першым часам імкнуўся аб’яднаць людзей дзеля супраціўлення Чырвонай арміі. Аднак, да свайго вялікага здзіўлення і расчаравання, сярод атачэння ён пераважна сустэў толькі скаргі на немагчымасць супрацьстаяць бальшавікам.
Будучы падданым Вялікага княства Фінляндскага, якое ў гэты час якраз абвясціла пра сваю незалежнасць, Манэргейм вырашыў вяртацца на радзіму. Шлях яго праходзіў па чыгунцы, праз горад Магілёў, дзе ў гэты час размяшчалася Стаўка Вярхоўнага галоўнакамандавання.
У час падарожжа Манэргейма якраз адбыліся самыя драматычныя падзеі ў гісторыі Стаўкі. Сюды прыбыў прапаршчык Крыленка, прызначаны бальшавікамі ў якасці новага галоўнакамандуючага. Папярэдняга кіраўніка Стаўкі, генерала Духоніна, рэвалюцыйныя матросы забілі на пероне магілёўскага чыгуначнага вакзала, калі ён прыйшоў з візітам да Крыленкі.
Забойства Духоніна – панарама ў Магілёўскім абласным краязнаўчым музеі“Я стаю на тым самым пероне, дзе яшчэ не высахла кроў майго галоўнакамандуючага” – прыводзіць успаміны Манэргейма Андрэй Аксёнаў. І вакол будучага фінскага нацыянальнага героя ў гэты час было шмат рэвалюцыйных салдат, якія маглі ў любы момант паўтарыць з ім тое, што было зроблена з Духоніным. “А ён – гвардзейскі афіцэр, у яго выпраўка.” – тлумачыць пагрозу гісторык – “І яго могуць проста за гэта забіць. І там было некалькі момантаў, калі ён знаходзіцца літаральна на грані таго, што яго заб’юць”.
Фота: mannerheim-museo.fi