Праз Wildberries і Ozon – магілёўскія бізнэсмены арганізавалі хітрую схему

Камітэт дзяржкантролю Беларусі выявіў спекулятыўную схему, арганізаваную прадпрымальнікамі з Магілёва. 

Паводле ведамства, магілёўскія бізнэсмены закупалі ў Беларусі прадукцыю мясцовай вытворчасці – гадзіннікі, адзенне, шпалеры, тэкстыльныя вырабы. Потым гэта ўсё яны быццам бы прадавалі сваім жа фірмам, зарэгістраваным у Расійскай Федэрацыі, з нязначнай нацэнкай. І ўжо потым, нібыта ад расійскіх фірм, выстаўлялі тыя самыя тавары на продаж праз маркетплэйсы Wildberries і Ozon, але ўжо з накруткай у 300%.

Пры гэтым тавары так і заставаліся ўвесь гэты час у Магілёве, і менавіта адсюль яны адпраўляліся пакупнікам па пошце. За кошт выкарыстання гэтай схемы розніца ў кошце тавараў асядала на рахунках расійскіх фірмаў, а беларуская кампанія штучна прыніжала атрыманую выручку і не плаціла падаткі ў бюджэт.

Wildberries и Ozon

Акрамя таго, фірма паспрабавала вярнуць з бюджэту падатак на даданую вартасць, прычыніўшы гэтым шкоду дзяржаве на суму звыш 1,2 млн рублёў – сцвярджае Дзяржкантроль.

У дачыненні да дырэктара магілёўскага таварыства распачатыя крымінальныя справы. Нанесеная дзяржаве шкода кампенсаваная ў поўным аб’ёме.

Фота: Дзяржкантроль 

Для беларусаў тавары на Wildberries і Ozon абкладаюцца двайным падаткам

Тавары, якія прадаюцца на буйных расійскіх пляцоўках Ozon і Wildberries, двойчы абкладаюцца падаткам на дададзеную вартасць пры продажы ў Беларусь – паведаміў дырэктар Ozon па аперацыях і развіццю ў СНД Аляксей Сапон 21 верасня на форуме ў Мінску. 

Паводле слоў Аляксея Сапона, гэта праблема па-ранейшаму актуальная, і яе абмеркаванне адбываецца не толькі на лакальным узроўні, але і сумесна з Еўразійскай эканамічнай камісіяй. Аднак на якім этапе знаходзіцца рашэнне гэтага пытання, прадстаўнік Ozon не змог адказаць.

Раней праводзілася сустрэча прадстаўніка Ozon з кіраўніком МАРГ Беларусі Аляксеем Багданавым. На ёй узнімалася тэма зменаў у беларускім заканадаўстве, якія замацуюць статус маркетплейсаў у Беларусі.

Афіцыйны прадстаўнік ЕЭК Ія Малкіна заяўляла, што зараз ужо існуе канцэптуальна ўхваленая рэдакцыя паправак у Дамову аб ЕАЭС. Магчыма, гэтыя змены пазбавяць маркетплэйсы ад падвойнага падаткаабкладання – пішуць “Беларусы і рынак”.

Фота з адкрытых крыніц