Вялікі арлец, скапа, дэлаверская чайка. Рэдкіх і не бывалых для Беларусі птушак ратуюць у Бярэзінскім запаведніку

Вялікі арлец і скапа занесеныя ў нацыянальную чырвоную кнігу. У запаведніку выяўленыя 9 гнездзішчаў скапы. Птушаняты сямі пар гэтай птушкі акальцаваныя.

Вялікі арлец – драпежная птушка, дужа рэдкая не толькі для Бярэзінскага запаведніка, але і для Еўропы. Яго колькасць мае тэндэнцыю да скарачэння і ён занесены ў чырвоны спіс Міжнароднага саюзу аховы прыроды як уразлівы від з высокай рызыкай знікнення ў дзікай прыродзе. У запаведніку сёлета ўдалося акальцаваць адно птушаня гэтай птушкі.

Паводле супрацоўнікаў прыродаахоўнай установы «Бярэзінскі біясферны запаведнік», тройчы фіксаваўся пралёт праз яго тэрыторыю дэлаверскай чайкі. Прадстаўнікі гэтага паўночнаамерыканскага віду ў апошнія дзесяцігоддзі рэгулярна залятаюць у Еўропу.

У запаведніку адзначаюць : калі беларуская арніта-фаўністычная камісія адобрыць рэгістрацыю дэлаверскай чайкі, то гэты від папоўніць спіс птушак Беларусі ў цэлым, і Бярэзінскага біясфернага запаведніка ў прыватнасці.

Бярэзінскі біясферны запаведнік месціцца ў паўночнай частцы Беларусі за 120 кіламетраў ад Мінска. Яго плошча 85,2 тысяч гектараў. Цэнтр запаведніка – у вёсцы Дамжэрыцы Лепельскага раёну. Уваходзіць у сусветную сетку біясферных запаведнікаў ЮНЕСКА.

Створаны для аховы і развядзення рэдкіх відаў жывёл, якія занесены ў нацыянальную Чырвоную кнігу. Першапачаткова ствараўся для аховы баброў і птушак.

Сваёй біялагічнай разнастайнасцю і ўнікальнасцю прыродных комплексаў запаведнік мае выключную значнасць для ўсёй Еўропы. Тут захаваліся чатыры тыпы экасістэм: густыя лясы, гразкія балоты, хуткаплынныя вадаёмы і чыстыя лугі.

 

Пераважаюць лясы, якія займаюць пад 90 працэнтаў тэрыторыі запаведніка. Асаблівую цікавасць уяўляюць абарыгенныя натуральныя лясныя фармацыі сасновых, чорна альховых і пухната бярозавых балотных лясоў, якія існуюць як разлеглыя балотныя масівы.

Натуральныя балоты запаведніка займаюць 43 000 га, што робіць яго адным з найбуйнейшых балотных масіваў у Еўропе.

Акрамя ракі Бярэзіны, якая цячэ праз запаведнік 110 кіламетраў і мае больш за 50 дробных прытокаў, у ім багата вялікіх і малых азёр.

фота з рэсурсаў: lesnyeozera.com, berezinsky.by