Самшыт, кізільнік, барбарыс – у Клімавічах плануюць высадзіць пару тысяч новых кустоў

На сайце дзяржзакупак з’явілася інфармацыя пра тэндэр, абвешчаны клімавіцкім прадпрыемствам “Камунальнік”. У спісе меркаваных закупак – па некалькі соцень саджанцаў самшыту, кізільніка бліскучага, барбарысу. Таксама плануецца закупіць саджанцы каштану, фарзіцыі, пузыраплодніка, рабіны, сасны і іншых раслін, прызначаных для азелянення тэрыторый і стварэння жывых агароджаў. Усяго ў плане 15 пазіцый, праўда, некаторыя чамусьці паўтараюцца двойчы.

Пузыраплоднік
Пузыраплоднік. Фота ілюстрацыйнае

Верагодна, гэтая закупка ажыццяўляецца ў адпаведнасці са стратэгічнай экалагічнай ацэнкай, праведзенай у Клімавічах у 2024 годзе, у выніку якой былі вызначаныя мерапрыемствы па азеляненні горада, абазначаныя асноўныя ўчасткі існуючых і перспектыўных зялёных насаджэнняў горада. Адметна, што гэтая ацэнка ўвязвае насаджэнні з планам размяшчэння ў горадзе помнікаў культуры і архітэктуры.

Фота: “Родная ніва”, архіўнае

У гарадскім парку Чавусаў старую агароджу заменяць дэкаратыўнымі кустамі

У чавускім гарадскім парку камунальныя службы праводзяць работы па дэмантажы старой агароджы. У планах – высадка па перыметры тэрыторыі парку дэкаратыўных кустоў, у выніку чаго будзе створана жывая загарадзь. 

Плануецца, што з боку гарадской плошчы будуць устаноўлены малыя архітэктурныя формы з элементамі азелянення. На тэрыторыі самога парка таксама будзе праведзена добраўпарадкаванне – паведамляе чавуская раённая газета “Іскра”.

Фота: “Іскра”

Ці прыкмецілі, што Магілёўшчыну сталі больш азеляняць? Рэгіён сярод лідараў

Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя ўгледзела найлепшае азеляненне гарадоў на Гомельшчыне, Віцебшчыне і Магілёўшчыне.

У публікацыі Белта намеснік міністра Аляксандр Корбут гаворачы пра дасягненні не згадаў кранаванне дрэваў у самім Магілёве. Такая праца выклікае ў гараджанаў масу абурэння і скаргаў.

У 2019 годзе за кардынальнае кранаванне дрэў у горадзе, паведамляла телерадыёкампанія «Магілёў», да дысцыплінарнай адказнасці былі прыцягнуты 18 службовых асоб. Пракуратура вобласці тады праверыла азеляненне гораду і выставіла масу прэтэнзіяй. Пасля гэтага актыўнасць у кранаванні дрэваў зменшылі, але не спынілі зусім.

tvrmogilev.by

Было даказана, што «амалоджванне дрэў», як яго рабілі ў абласным цэнтры, згубна адбіваецца на раслінах і нават прыводзіць да іх гібелі.

Па стане на 1 студзеня 2022 года сярэдні ўзровень азелянёнасці паселішчаў у Магілёўскай вобласці – 45% пры нарматыве у 40% ад агульнай плошчы.

Асноўныя крытэры нарматываў, як тлумачыць у міністэрстве, гэта забяспечанасць насельніцтва азелянённымі тэрыторыямі і ўзроўнем азелянёнасьці. У ведамстве лічаць, вызначаныя нарматывы «у цэлым можна лічыць супастаўнымі з еўрапейскімі падыходамі».

Паводле Аляксандра Корбута за першыя пяць месяцаў у беларускіх гарадах і сельскай мясцовасці высадзілі 363 тыс. дрэў і 195 тыс. кустоў. Акрамя таго адрамантавана больш за 1 тысячу кантэйнерных пляцовак для збору адходаў ды знесена звыш 1,1 тыс. пустых старых жылых дамоў.

галоўнае фота:belta.by