Урачыстасці з нагоды ўпарадкавання гульнявых пляцовак праводзіліся пераважна ў «спальных раёнах» Магілёва. У абласным цэнтры сёлета з удзелам чыноўнікаў іх пафасна адкрывалі з дзясятак. У глыбінцы ж, калі такія імпрэзы і адбываліся, то сціпла. Яны не асвятляліся гэтак шырока, як у Магілёве.
У райцэнтры Круглае адкрыццё гульнявога асяродка стала «значнай падзеяй». Яе, па словах чыноўнікаў, стваралі ўсёй грамадою гораду.
Паўдзельнічаць у адкрыцці прыйшлі старшыня мясцовага райсавету Сяргей Храмцоў і намесніца старшыні райвыканкаму Анжэла Лукашэвіч.
Паводле Храмцова будаўніцтва спортпляцоўкі «стала магчымым дзякуючы сумесным намаганням райвыканкаму, Савету дэпутатаў, жылкамгасу, а таксама жыхароў райцэнтру».
Чыноўнік «выказаў надзею, што гэты дзень дасць старт новым спартовым дасягненням, перамогам і рэкордам», піша круглянская раёнка «Сельскае жыццё».
Паводле выдання, традыцыйную чырвоную стужку на адкрыцці пляцоўкі перарэзалі Сяргей Храмцоў, Анжэла Лукашэвіч, а таксама самыя актыўныя хлопцы з двара, дзе забаўляльню ўпарадкавалі.
фота з рэсурсу krugloe.by