У Магілёве пабудуюць падземны пераход на Пушкінскай. Схема руху транспарту будзе мудрагелістая

На ўсё лета і пачатак восені закрываецца Пушкінскі праспект у Магілёве – насупраць гандлёвага цэнтра “Арбат” пабудуюць новы падземны пераход.

Даўно неабходны падземны пераход будзе пракладвацца на перасячэнні вуліц Пушкінскай і Астроўскага. Працы пачнуцца 29 траўня і разлічаныя да канца верасня. На ўвесь час правядзення работ гэтае перагружанае скрыжаванне цалкам закрываецца для руху транспарту, таму аўтамабілістам прыйдзецца шукаць альтэрнатыўныя шляхі праезду. Асноўню нагрузку на сябе прымуць праспект Шмідта і бульвар Непакораных, таму на гэтых вуліцах і дробных завулках уздоўж Пушкінскай варта чакаць сур’ёзных пробак.

Грамадскі транспарт будзе хадзіць па новым раскладзе. Цалкам яго можна знайсці тут, а асноўныя змены такія. На час будаўнічых работ цалкам адмяняюцца тралейбусныя маршруты №3 і №4. Замест іх будзе хадзіць №10д, які з Любужа будзе ехаць праз Габраўскую, Шмідта і Чалюскінцаў да Арджанікідзэ. У зваротным кірунку №10д будзе з плошчы Арджанікідзэ ехаць чамусьці на Зялёны луг, а потым вяртацца ў бок Любужа праз Чалюскінцаў, Шмідта і Габраўскую.

Аўтобус №8 у цэнтр будзе ехаць праз бульвар Непакораных і Гагарына, а назад праз Гагарына і Шмідта, зусім як у даўнія часы. Астатнія, менш рэгулярныя аўтобусныя маршруты таксама пойдуць праз Непакораных і Шмідта, што дабавіць напружанасці на гэтых ціхіх вуліцах. Ну, а нумар 26 наогул памяняе траекторыю і будзе курсіраваць паміж Чыгуначным вакзалам і Малой Бароўкай праз Юбілейны – па праспекце Міра і вуліцы Каралёва.

Фота ілюстрацыйнае

Парк каля Святога возера ў Магілёве пачалі крыху акультурваць – фота

Пакуль усё абмежавалася новай дарожкай уздоўж вуліцы Астроўскага з паўночнага боку ад парка 60-годдзя Вялікага Кастрычніка. 

Дарожка пракладзена ад перакрыжавання з праспектам Шміта, ад рэстарана “Ясень” і новага касцёла Святога Антонія да перакрыжавання з вуліцай Сіманава, да паліклінікі №8, дзіцячай паліклінікі №4, абласнога ДАІ.

Уздоўж новай дарожкі з’явіліся і новыя дрэўцы да раней пасаджаных.

Саракапяцігадовы парк – сумны сум на твары горада. Чэзлыя дрэўцы пад пякучым сонцам, пыльныя дарожкі, што вядуць да Святога возера. Занядбанасць і пустазелле.

Фот: mogilev.media

Нашэсце тараканаў у магілёўскай маласямейцы на Астроўскага – камунальнікі гадамі не могуць дапамагчы, відэа

Ужо некалькі гадоў жыхары дома з кватэрамі маласямейнага тыпу па вуліцы Астроўскага, 58 скардзяцца на нашэсце тараканаў. 

– Відавочна, што тараканы вылазяць са скляпення, але ў ЖЭУ кажуць, што там суха і чыста, так што там не можа быць гэтых насякомых. – распавядае аўтар відэа, размешчанага ў папулярных сацыяльных сетках – У сябе ў кватэры мы ўжо тры гады змагаемся з гэтай бядой рознымі сродкамі. Безвынікова, атрымліваецца пазбавіцца ад тараканаў толькі часова і на даволі кароткі тэрмін. Некалькі разоў звярталіся на гарачую лінію, і нам усё абяцаюць вырашыць праблему, і лісты шлюць, што праведзена праца і апрацоўка месцаў вялікай колькасці. Але на справе іх праведзеная работа – гэта мялком памаляваць каля кватэр.