У Бабруйску не захацелі пераймяноўваць вуліцу Куйбышава

Па выніках грамадскага апытання ў Бабруйску большасць яго ўдзельнікаў выказаліся супраць перайменавання вуліцы Куйбышава ў вуліцу Санчукоўскага.

Вывучэнне грамадскай думкі з нагоды перайменавання вуліцы Куйбышава ў вуліцу Санчукоўскага праходзіла з 18 сакавіка па 20 красавіка 2025 года. Адпаведную прапанову ўнесла Магілёўская абласная арганізацыя Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў.

На афіцыйным сайце Бабруйскага гарвыканкама была апублікаваная спецыяльная форма. Любы ахвотны мог выказацца “за” ці “супраць”, а таксама абгрунтаваць сваю пазіцыю. 

Як паведаміла komkur.info начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Бабруйскага гарвыканкама Вераніка Вільчык, у апытанні прынялі ўдзел 2 913 грамадзян. 2 120 з іх (або 73%) выказаліся за захаванне цяперашняй назвы вуліцы. За перайменаванне прагаласавалі менш за чвэрць апытаных – 667 або 23,2%. Яшчэ 126 чалавек (3,5%) прапанавалі альтэрнатыўныя назвы.

Валерыян Куйбышаў – рускі рэвалюцыянер і савецкі партыйны, палітычны дзеяч. Быў адным з бліжэйшых паплечнікаў і дарадцаў па пытаннях эканомікі ў Сталіна. Ён ніяк не быў звязаны з Бабруйскам.

У сваю чаргу, як піша “Вечерний Бобруйск” з імем Аляксандра Санчукоўскага звязана дваццаць восем гадоў гісторыі Бабруйскага фанерна-дрэваапрацоўчага камбіната, па “Бобруйскдрев” (у цяперашні час – ААТ “Фандок”), дзе ён нязменна працаваў на пасадзе дырэктара, а потым – генеральнага дырэктара (1953-1981). За заробленыя калектывам грошы былі пабудаваны Дом культуры з бібліятэкай, дзіцячыя сады, стадыён, прафілакторый, піянерскі лагер, загарадная зона адпачынку, камбінат бытавога абслугоўвання, будынак лесатэхнікума, сотні кватэр.

Фота: “Вячэрні Бабруйск”

Больш за 80% украінцаў выступаюць за ўступленне ў НАТА і ЕС

Падтрымка ўступлення Украіны ў Паўночнаатлантычны Альянс і Еўрасаюз сярод украінцаў вырасла да рэкорднага ўзроўню – 82% і 85% адпаведна, сведчаць вынікі Усеўкраінскага апытання Міжнароднага рэспубліканскага інстытута (МРІ).

Назіраецца рост прыхільнікаў НАТА. Іх цяпер 82%. Гэта на 10% больш, чым было ў чэрвені і на 23%, чым у красавіку 2022 года. Больш за ўсё ўступленне ў НАТА падтрымліваюць на Захадзе (87%) і Цэнтры (85%) краіны. Ніжэй падтрымка на Поўдні – 80% і на Усходзе – 72% апытаных. 

Самая высокая падтрымка ўступлення ў НАТА ў старэйшай узроставай групе – сярод людзей 51+ падтрымка дасягае 86%. У групе 18-35 гадоў падтрымка найменшая – 78%.

Уступленне ў ЕС вітаюць 85% апытаных у параўнанні з 80% у чэрвені і красавіку 2022 года. Больш за ўсё ўступленне ў ЕС падтрымліваюць на Захадзе краіны – 89%, на Усходзеі – 80%.

Найбольш тых, хто за ўступленне ў ЕС, ва ўзроставых групах 18-35 і 51+.

Фота мае ілюстрацыйны характар

Беларуская чыгунка зноў апытвае пасажыраў пра мову

Чыгуначнікі выпытваюць, на якой мове мэтазгодна размяшчаць інфармацыю на квітках і агучваць абвесткі ў цягніках, што курсуюць па Беларусі. Гэтыя пытанні пазначаныя, як абавязковыя для тых, хто вырашыць удзельнічаць у анкетаванні.

Анкетаванне прымеркаванае да Адзінага дня пасажыраў, які адзначаецца 30 чэрвеня, але яно даступнае на сайце арганізацыі дагэтуль. Акрамя мовы чыгуначнікаў цікавіць, чаму жыхары краіны аддаюць перавагу чыгунцы.

Пытанне пра пашырэнне беларускай мовы на чыгунцы – даўняя тэма грамадскага інтарэсу. Летам 2020 года петыцыя аб мове на квітках сабрала амаль паўтары тысячы падпісантаў, аднак кіраўніцтва Беларускай чыгункі не падтрымала ініцыятывы, спаслаўшыся на тэхнічныя праблемы.

«Афармленне квіткоў у рэгіянальным бізнес-класе, міжрэгіянальным і міжнародным спалучэннях на беларускай мове дазволена, але ў цяперашні час тэхнічна немагчыма» – гаварылася ў адказе Беларускай чыгункі.

У 2021 годзе дзейнае тады яшчэ Таварыства беларускай мовы адзначыла, тым не менш, што нацыянальнай мовы беларусаў на чыгунцы паболела.

Паводле няўрадавай арганізацыі чыгуначнікі ўвялі новыя тыпавыя тэксты інфармавання пасажыраў на вакзалах і прыпыначных пунктах. Кіраўнікі аддзяленняў чыгункі меліся забяспечыць з 1 красавіка 2021 года трансляцыю абвестак на ўсіх станцыях і прыпынках па-беларуску: як на рэгіянальных, так і на міжрэгіянальных лініях.

Цяпер жа, як бачна з тэксту актуальнай анкеты – на якую вы можаце патрапіць, клікнуўшы па спасылцы  – Беларуская чыгунка гатовая прыслухацца да меркавання пасажыраў што да моўнага пытання.