На бягучы і капітальны рамонт навучальных установаў збіраюцца патраціць блізу 11 мільёнаў рублёў. Гэта бюджэтныя сродкі, а таксама даходы, атрыманыя ад пазабюджэтнай дзейнасці, спонсарская дапамога.
Па словах кіраўніцы абласнога цэнтру забеспячэння дзейнасці ўстаноў адукацыі Ганны Сіманоўскай да новага навучальнага года ў 17 школах вобласці пройдзе капітальны рамонт. У шэрагу ўстановаў адукацыі ён працягнецца і ў восеньскі перыяд, адзначана на сайце Магілёўскага аблвыканкаму.
«На гэты момант у многіх школах ідзе бягучы рамонт дахаў, фасадаў, харчаблокаў, добраўпарадкаванне прылеглай тэрыторыі. Для школьных сталовых будзе набыта каля 100 адзінак тэхналагічнага абсталявання, 54 халадзільнікі. Ужо закуплена 50 і 44 адзінкі адпаведна. На кантролі – прывядзенне ў парадак школьных стадыёнаў і спартыўных пляцовак. Таксама ў 2022 годзе будзе закуплена 33 аўтобусы «МАЗ» для падвозу вучняў сельскіх школ», – адзначае Ганна Сіманоўская.
Да 1 чэрвеня спецыяльныя камісіі абследавалі ўсе навучальныя ўстановы вобласці і на падставе актаў бягучага стану былі распрацаваны планы рамонтаў. Да 20 жніўня агульнаадукацыйныя школы мусяць атрымаць сертыфікаты гатоўнасці.