28 лістапада, у горадзе Мікалаеве з палуначы пачалі адключаць спажыўцоў па графіку стабілізацыйных адключэнняў, паведамляе прэс-служба АТ “Мікалаеваблэнерга”.
«Сітуацыя крытычная, таму патрабуе аператыўных дзеянняў і адначасовага адключэння вялікай колькасці людзей. Таму на 10 гадзін раніцы абясточаны, акрамя 10 груп паводле графіка стабілізацыйных адключэнняў, і дадатковыя населеныя пункты – усяго амаль 600. Агульная колькасць абанентаў, якія часова апынуліся без электрасілкавання, складае каля 150 тысяч» – гаворыцца ў паведамленні.
Таксама насельніцтва просяць адказна ставіцца да спажывання электраэнергіі, што садзейнічае паспяховаму аднаўленню энергасістэмы Украіны.
Пішам, як вайна ва Ўкраіне ўплывае на жыццё еўрапейскіх гарадоў, якія маюць партнёрскія дачыненні з гарадамі Магілёўскай вобласці.
Акрамя праблем з электразабеспячэннем ёсць і праблемы з падачай цяпла.
Мікалаеўская ЦЭЦ рамантуе цепласеткі, таму жыхары 12 шматпавярховых дамоў у Цэнтральным раёне горада да вечара 29 лістапада будуць, на жаль, без ацяплення, паведамляе прэс-служба прадпрыемства. Работы абяцаюць завершыць да 20:00 29 лістапада.
Праблемы з размініраваннем.
Вызвалены ад акупантаў Снігіроўскі раён застаецца моцна замініраваным, з-за чаго аграномы наўрад ці змогуць пачаць пасяўную вясной 2023 года, адзначае начальнік мясцовай гарадской ваеннай адміністрацыі Іван Кухта. У гэтым раёне Мікалаеўскай вобласці па-ранейшаму застаецца шмат выбухованебяспечных прадметаў.
Па словах Кухты, акупанты працягваюць абстрэльваць горад, у розных населеных пунктах раёна знаходзіцца вялікая колькасць выбухованебяспечных прадметаў: “Я не магу сказаць колькі іх, але іх вельмі шмат… 344 выбухованебяспечных прадметы… на недзе 21-22 гектары. Гэта пад’езд да горада Снігіроўка разам з інфраструктурнымі аб’ектамі, якія нам непасрэдна трэба для таго, каб вярнуць жыццё ў Снігіроўку, наладзіць працу камунальных устаноў, адміністрацыі… Я не ўпэўнены, што вясной аграрыі змогуць працаваць на сваіх землях”.
Чарговая ахвяра мін.
Сёння ў Снігіроўцы ў выніку выбуху ў падвале шматпавярховага дома пацярпеў мужчына. Зараз ён знаходзіцца ў рэанімацыі. Выбухны прадмет быў усталяваны акупантамі ў склепе шматпавярхоўкі. Да гэтага ў горадзе падарваліся два пажарніка.
Большая частка калабарантаў збегла.
Тыя, якія арганізавалі «рэферэндум» і займалі кіруючыя пасады, збеглі са Снігіроўкі разам з акупантамі-расейцамі, а тымі, хто засталіся – імі займаецца СБУ, паведамляе “НІС-ТБ”.
Таксама паведамляецца, што месцазнаходжання калабарантаў Юрыя Барбашова, які займаў пасаду «кіраўніка» акупацыйнай адміністрацыі і намесніка кіраўніка Баштанскага райсавета Таццяны Мезінай на дадзены момант невядома.
Пабрацімства Мікалаева з Магілёвам было замацаванае дамовай у 2009 годзе.
31 мая 2022 году мэр украінскага гораду заявіў, што Пагадненне аб пабрацімстве з Магілёвам скасаванае і выказаў спадзеў, што яно будзе адноўленае, калі Беларусь стане свабоднай.
Магілёў. media працягвае сачыць за жыццём Мікалаева, нягледзячы на спыненне партнёрскіх сувязяў з Магілёвам.
Мікалаеў месціцца за 65 кіламетраў ад Чорнага мора. Да вайны ў ім жыло 490 тысяч чалавек. Траціна з іх вымушана была пакінуць горад. Паводле Генштабу Узброеных сіл Украіны Мікалаеў адзін з асноўных кірункаў наступу расіян.
Яго рэгулярна абстрэльваюць, знішчаючы гарадскую інфраструктуру і змушаючы мясцовую ўладу капітуляваць. Прэзідэнт Украіны Уладзімер Зяленскі прысвоіў Мікалаеву ганаровае званне «Горад-герой».
фота: wikimedia.org