У Круглянскім раёне адбыўся няшчасны выпадак на вадзе – у рацэ Друць быў знойдзены патанулы мужчына.
Як паведамілі ў Магілёўскім абласным упраўленні МНС, цела мужчыны было знойдзена 22 мая 2025 года паблізу вёскі Новая Радча. Каля 20:00 мясцовы жыхар заўважыў у вадзе цела і неадкладна паведаміў пра гэта ў праваахоўныя органы. Выратавальнікі аператыўна прыбылі на месца і дасталі патанулага з ракі.
Асоба загінулага ўстаноўлена – ім аказаўся жыхар Мінска, 1989 года нараджэння. Па факце гібелі праводзіцца праверка, абставіны трагедыі высвятляе Круглянскі раённы аддзел Следчага камітэта.
Гэта ўжо не першы выпадак трагічнай гібелі людзей у рацэ Друць. Так, 16 верасня 2024 года Магілёўскае абласное ўпраўленне МНС атрымала паведамленне ад дзяжурнага РАУС аб гібелі мужчыны ў гэтым жа вадаёме.
Як высветлілася, патанулы, 1967 года нараджэння, пайшоў з дому 12 верасня і не вярнуўся. Пра яго знікненне заявіў брат. Праз чатыры дні, 16 верасня, у 17:30, выратавальнікі дасталі цела загінулага з вады – яно знаходзілася ўсяго ў двух метрах ад берага. Месца, дзе адбылася трагедыя, не было абсталявана для купання.
Фота: Магілёўсакае абласное УМНС