Літоўскія вайскоўцы перасталі ажыццяўляць сталую ахову мяжы з Беларуссю, хаця сітуацыя на беларуска-літоўскай мяжы яшчэ далёкая ад нармальнай.
Як паведамляе канал Euronews, рашэнне аб адводзе вайскоўцаў ад мяжы было прынята ў сувязі з заключным этапам працы па пабудове памежнай агароджы і ўсталяваннем сістэм бяспекі. Гэты праект павінен быць цалкам рэалізаваны да канца года.
Тым не менш, літоўская пагранічная служба сцвярджае, што спробы перасякаць мяжу не спыняюцца. На днях літоўскі бок апублікаваў відэа, у якім гаворыцца, што беларускія памежныя ахоўнікі дапамагаюць нелегальным імігрантам пранікаць у Літву. Таму з вайскоўцаў створаны групы хуткага рэагавання для падтрымкі дзяржаўнай пагранічнай службы ў выпадку неабходнасці.
Рымантас Петраскас, намеснік кіраўніка літоўскай дзяржаўнай пагранічнай службы:
– У гэтым годзе мы зафіксавалі каля 350 выпадкаў пашкоджанняў плота. Нядаўна мы заўважылі, што гэта адбываецца там, дзе няма сістэм відэаназірання. Часам так правяраецца рэакцыя нашых афіцэраў. Толькі ў адзінкавых выпадках бар’ер пашкоджаны там, дзе ёсць камеры назірання.
Нацыянальная гвардыя Літвы дапамагала памежным ахоўнікам патруляваць мяжу з Беларуссю пасля пачатку міграцыйнага крызісу мінулым летам. Са жніўня больш за 19 тысяч мігрантаў не пусцілі ў Літву. Але больш за 4000 чалавек у 2022 годзе незаконна прыбылі з Беларусі ў Літву. Літоўскі ўрад называе прыток мігрантаў гібрыднай атакай беларускага рэжыму.
Адвод літоўскіх вайскоўцаў ад мяжы сведчыць пра тое, што пабудова агароджы ў пэўным сэнсе стабілізавала сітуацыю з прытокам незаконных мігрантаў з Беларусі. Цяпер у большасці выпадкаў літоўскія памежнікі самі здольныя выконваць функцыю аховы мяжы.