Швейцарыя можа адмовіцца ад шматгадовага статусу нейтралітэту і дазволіць экспарт зброі ва Украіну, – паведамляе Украінская праўда.
Да адпаведнага рашэння швейцарскіх палітыкаў падштурхоўваюць еўрапейскія суседзі, прадстаўнікі абаронна-прамысловага комплексу і настроі ў грамадстве – 55% апытаных грамадзян падтрымліваюць дазвол на рээкспарт зброі ва Украіну.
– Мы хочам быць нейтральнымі, але мы з’яўляемся часткай заходняга свету. – заявіў Цьеры Буркарт, лідэр правацэнтрысцкай партыі FDP – Мы не павінны мець права вета, каб спыняць іншых ад дапамогі Украіне. Калі мы гэта зробім, мы падтрымаем Расію, якая не займае нейтральную пазіцыю.
Нагадаем, што Швейцарскі нейтралітэт адносна непастаўкі зброі ваюючым краінам дзейнічае з 1815 года і быў замацаваны дамовай 1907 года. У краіне дзейнічае асобнае эмбарга на продаж зброі Украіне і Расіі.
16 мая 2022 года афіцыйны Стакгольм на фоне агрэсіі Расіі супраць Украіны аб’явіў аб канчатковым рашэнні аб уступленні ў НАТА і адказе ад 200 гадовага нейтралітэту Швецыі. Такі ж крок зрабіла і нейтральная Фінляндыя. Усе краіны НАТА, акрамя Турцыі і Венгрыі, ратыфікавалі ўступленне Швецыі і Фінляндыі ў ваенны блок.