Навіны пабрацімаў. У Мікалаеве ад расійскіх абстрэлаў паранена 9 чалавек. Яшчэ двое ў вобласці

Мікалаеў расійскія войскі сталі звыкла абстрэльваць уначы. Адзін са снарадаў трапіў у двор пяціпавярховага дому, адзін пад’езд якога знішчаны пажарам і выбухам. Разбураны і прыватны дом.


Пішам, як вайна ва Ўкраіне ўплывае на жыццё еўрапейскіх гарадоў, якія маюць партнёрскія дачыненні з гарадамі Магілёўскай вобласці.


У ноч на 11 верасня прыкладна ў 2.50 Мікалаеў зазнаў моцны абстрэл, спасылаючыся на кіраўніка абласной ваеннай адміністрацыі Віталія Кіма, паведамляе выданне ONLINE.UA.

«Паводле папярэдняй інфармацыі, 9 чалавек атрымалі раненні рознай ступені цяжкасці, 3 з іх дагэтуль перабываюць у больніцы», – кажа Кім.

Па яго словаў атакаваныя былі і паселішчы вобласці. Там трываюць выратавальныя працы і вядома пра двух параненых. Адзін чалавек лічыцца зніклым.

Старшыня абласнога савету Ганна Замазеева піша ў сваім тэлеграм-канале, што на раніцу 11 верасня ў шпіталях Мікалаева перабывала 609 грамадзян, пацярпелых ад расійскіх абстрэлаў. Яшчэ 68 параненых лечацца амбулаторна.

За 200 дзён вайны Мікалаеў расійскія войскі не абстрэльвалі толькі 29. Апошнія 6 спакойных дзён былі на працягу апошніх двух тыдняў.


Пабрацімства Мікалаева з Магілёвам было замацаванае дамовай у 2009 годзе.

31 мая 2022 году мэр украінскага гораду заявіў, што Пагадненне аб пабрацімстве з Магілёвам скасаванае і выказаў спадзеў, што яно будзе адноўленае, калі Беларусь стане свабоднай.

Магілёў. media працягвае сачыць за жыццём Мікалаева, нягледзячы на спыненне партнёрскіх сувязяў з Магілёвам.

Мікалаеў месціцца за 65 кіламетраў ад Чорнага мора. Да вайны ў ім жыло 490 тысяч чалавек. Траціна з іх вымушана была пакінуць горад. Паводле Генштабу Узброеных сіл Украіны Мікалаеў адзін з асноўных кірункаў наступу расіян.

Яго рэгулярна абстрэльваюць, знішчаючы гарадскую інфраструктуру і змушаючы мясцовую ўладу капітуляваць. Прэзідэнт Украіны Уладзімер Зяленскі прысвоіў Мікалаеву ганаровае званне «Горад-герой».