Карма? Паглядзіце, у якім стане знаходзіцца дворык дома па вуліцы Народнага адзінства, у якім жывуць міліцыянты і пракуроры.
У мікрараёне Маладзёжны ў Бабруйску (яшчэ яго называюць Сёмым) ужо некалькі гадоў ідзе будаўніцтва новых дамоў. Звычайна дворыкі новабудоўляў тут выглядаюць прыстойна – можна пабачыць вулічныя трэнажоры, міні-комплекс для баскетбола і нават мангал. Так выглядаюць усе дворыкі, акрамя аднаго – піша bobr.by.
Дом №24 за пафасным адрасам – вуліца Народнага адзінства – быў пабудаваны 31 снежня 2022 года для пажарных, ваенных, міліцыянтаў і супрацоўнікаў пракуратуры. Гэта арэндныя кватэры, а ёсць таксама вялікі працэнт звычайных уласнікаў.
Ужо з першых месяцаў на двары дома будаўнікі суседніх высотак сталі звальваць будаўнічае смецце. Больш за год жыхары чакалі элементарнага добраўпарадкавання тратуарных дарожак.
План-рэндар проста выдалілі з інтэрнэта
Пад восень 2024 года тратуарную плітку нарэшце паклалі, аднак адна з праблем так і засталася невярашанай – дзіцячая пляцоўка, якой проста не было. Нядаўна тут паставілі адзінокую карусель-качалку, пару турнікоў і на гэтым усё.
Як сцвярджаюць жыхары дома, на ўнутранай тэрыторыі планавалася пляцоўка для міні-фубола, гульнявая зона для малых і спортпляцоўка для дарослых. Яны сцвярджаюць, што так было паказана ў плане-рэндэры ўладкавання пляцоўкі, цяпер выдаленым з інтэрнэту. А на справе ж у двары распасціраецца шырокая попельна-шэрая пустка, траціну якой займае сціплая пляцоўка для малышні. Спецыяльнага пакрыцця няма. Там і тут валяецца нявыкарыстаная тратуарная плітка – з ёй і гуляюць дзеці гэтага дома.
Часам дзеці будуюць сабе з будаўнічага смецця эфектныя і небяспечныя «домікі», з якіх іх потым выцягваюць уласныя бацькі.
Паколькі ў гэтым месцы была звалка будаўнічага смецця з суседніх пляцовак, то з пылу час ад часу вылазіць бітае шкло. Яго звычайна прыбіраюць самі жыхары.
Газон у дварах шматпавярховак расце дрэнна, толькі дзе-нідзе вымахалі кусцікі лебяды. На пляцоўцы, прызначанай для дзяцей з дому па адрасе вул. Народнага адзінства, 24, не вырасла нават лебяда.
У сухое надвор’е тут пыл, у мокрае – бруд, скардзяцца жыхары дома.
Фота: bobr.by