Народнае апалчэнне з пенсіянераў фарміруюць у Чавусах

Ваенны камісар Чавускага і Слаўгарадскага раёнаў Максім Валажанін правёў у будынку райвыканкама ў Чавусах сход, прысвечаны пачатку фарміравання ў гэтым раёне народнага апалчэння – піша газета “Іскра”. Як можна пераканацца па фотаздымках з мерапрыемства, асабовы склад апалчэнцаў – прынамсі, запрошаных на мерапрыемства – гэта людзі глыбока пенсійнага ці перадпенсійнага ўзросту. Сярод прысутных можна заўважыць таксама двух жанчын, трохі маладзейшага веку.

чавускія апалчэнцы

Нагадаем, што першы “атрад народнага апалчэння” у верасні 2022 года быў сфарміраваны ў Клімавіцкім раёне Магілёўскай вобласці. Праўда, пасля інфармацыі пра яго з’яўленне, дзейнасць клімавіцкага атрада цалкам знікла са старонак мясцовай прэсы.

Фота: “Іскра”

У Клімавіцкім раёне сфарміравалі першы атрад народнага апалчэння – фота

У Беларусі толькі рыхтуюцца прыняць закон аб апалчэнцах, але людзям ужо даюць зброю.

Фарміраванне першага добраахвотнага атрада тэрытарыяльнай абароны адбылося ў аграгарадку Лабжа на Клімавіччыне – паведамляе раённая газета “Родная ніва”. 11 верасня ў лабжанскім сельскім клубе намеснік начальніка Генеральнага штаба Узброеных сіл Рэспублікі Беларусь Андрэй Маціевіч прывітаў першых добраахвотнікаў мясцовага апалчэння. На мерапрыемстве апалчэнцам растлумачылі іх правы і абавязкі, а таксама распавялі пра ўладкаванне аўтамата і паказалі, як ім карыстацца. 

Добраахвотны атрад тэрытарыяльнай абароны налічыў 22 чалавекі. Усе ўдзельнікі – жыхары Лабжанскага сельскага савета Клімавіцкага раёна. У атрадзе апынулася адна жанчына. Наталля Ермаковіч прыйшла запісвацца ў апалчэнцы разам са сваім мужам, Дзмітрыем Малахавым. Пара жыве ў вёсцы Рудня, вядзе вялікую гаспадарку, трымаючы авечак, коз, свіней і птушку.

На сённяшні дзень народнае апалчэнне ў Беларусі не мае свайго юрыдычнага афармлення. Праца над законам аб ім яшчэ вядзецца – паведамілі падчас сустрэчы з лабжанскімі добраахвотнікамі. Але ўжо пачалася арганізацыя атрадаў апалчэння на месцах. 

Сярод асноўных задач, якія будуць стаяць перад народным апалчэннем – абарона сваіх дамоў, населеных пунктаў ад марадзёраў, цеснае ўзаемадзеянне з фарміраваннямі ўзброеных сіл, міліцыяй, удзел у ахове грамадскага парадку.

Фота: “Родная ніва”