Упаўнаважаны ў справах рэлігіяў і нацыянальнасцяў Аляксандр Румак паведаміў, што ў 2021 годзе беларускім дыяспарам была аказана дапамога на 42 тысячы рублёў. Па цяперашнім курсе – гэта 15 260 долараў.
У 2021 годзе ўлады ліквідавалі Згуртаваньне беларусаў замежжа “Бацькаўшчына”.
Румак: для нас важна, каб беларусы адчувалі сувязь са сваёй Радзімай
Аляксандр Румак адзначае, што на фінансавую дапамогу з гістарычнай радзімы беларусы замежжа набылі нацыянальныя строі. Іх прыдбалі беларускія грамады Літвы, Латвіі, Малдовы, Іярдану, Казахстану, а таксама беларускія арганізацыі Расіі. Акрамя таго, дыяспарам была перададзена беларускамоўная літаратура і нацыянальная сімволіка.
Па ягоных словах нацыянальнае адзенне дапамагае прэзентаваць беларускую культуру і традыцыі ў тых краінах, дзе пражываюць суайчыннікі.
«У 2022 годзе гэтая праца будзе працягнецца. Для нас важна, каб беларусы, нягледзячы на тое, што жывуць далёка за межамі краіны, адчувалі сувязь са сваёй Радзімай», цытуе Аляксандра Румака газета «СБ. Беларусь сегодня».
Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына» – імкнулася кансалідаваць беларусаў на радзіме і замежжы.
У 2021 годзе, пра які згадвае Аляксандр Румак, Вярхоўны суд ліквідаваў Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына». Гэта было адно з найстарэйшых міжнародных аб’яднанняў краіны.
Яго дзейнасць была скіраваная на кансалідацыю беларусаў на радзіме і замежжы, умацаванне беларускай нацыянальнай ідэнтычнасці. Яно бараніла правы і інтарэсы беларусаў у замежжы.
Дзякуючы яму ў 2014 годзе быў прыняты закон «Аб беларусах замежжа», а З’езды беларусаў свету станавіліся агульнанацыянальнай платформай для абмеркавання актуальных для Беларусі і яе замежжа пытанняў і праблем.
Ліквідаванне рэжымам Лукашэнкі Згуртавання адбылося ў межах распачатай пасля пратэстаў 2020 году кампаніі вынішчэння арганізацыяў грамадзянскай супольнасці Беларусі.
фота: wikimedia.org