Мытня згоды не дала: магілёўскія мытнікі перапынілі незаконны вываз 28 тон сыру

Магілёўскія мытнікі спынілі спробу незаконнага вывазу ў Расію 28 тон сыру без дакументаў. Кошт тавару перавышае 2,5 мільёны беларускіх рублёў.

Недалёка ад беларуска-расійскай мяжы супрацоўнікі магілёўскай мытні затрымалі два аўтамабілі, на якіх збіраліся вывезці у Расію 28 тон сыру без належных дакументаў, паведамляе тэлеграм-канал “Таможенные органы Беларуси” .

У першым выпадку ў грузавіку “Vоlvo”, які належыць расійскаму перавозчыку, мытнікі выявілі больш за 19 тон сыру замежнай вытворчасці. На партыю адсутнічалі суправаджальныя дакументы і неабходныя сертыфікаты.

У другім выпадку кіроўца грузавіка “MAN”, які належыць беларускаму перавозчыку, без дакументаў вёз амаль 9 тон сыру. 

Каб схаваць краіну паходжання сыру, зламыснікі пераклалі яго ў скрынкі з этыкеткамі беларускага вытворцы.

Паводле заканадаўства, парушальнікам пагражае штраф у памеры да 50 адсоткаў кошту тавару.

Фота: “Таможенные органы Беларуси”.