Жыллёвы камітэт Санкт-Пецярбурга падпісаў пагадненне з ААТ “Магілёўліфтмаш” аб пастаўцы з Магілёва 600 ліфтаў. Распіараная ў афіцыйных сродках масавай інфармацыі дамова дазволіць загрузіць працай прадпрыемства ўсяго толькі на палову месяца.
Пачатак года выдаўся вельмі складаным для магілёўскіх ліфтабудаўнікоў. Замоў на прадукцыю было вельмі мала. Падпісанне дамовы на пастаўку ліфтавага абсталявання, якое адбылося на пасяджэнні XII Савета дзелавога супрацоўніцтва Санкт Пецярбурга і Рэспублікі Беларусь пад старшынствам губернатара Аляксандра Беглава і Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь Рамана Галоўчанкі, дае надзею на далейшую працу прадпрыемства.
З 2014 па 2021 гады па праграме капітальнага рамонту ў Пецярбургу замянілі больш за 10 тысяч ліфтаў, амаль 8 тысяч з якіх вытворчасці “Магілёўліфтмаш”. У бягучым годзе плануецца замяніць яшчэ 1,5 тысячы ліфтаў. Жыллёвы камітэт Санкт-Пецярбурга падпісаў пагадненне з ААТ “Магілёўліфтмаш” пра пастаўку больш за 600 адзінак абсталявання магілёўскага прадпрыемства.
600 ліфтаў вырабляеццца на магілёўскім прадпрыемстве недзе за палову месяца працы вытворчага аб’яднання з поўнай нагрузкай. Пачатак году выдаўся надзвычай складаным. Тым не менш, завод пакуль працуе. З канца мінулага года звольнена адносна невялікая колькасць работнікаў.
Магілёўскія ліфтабудаўнікі шукаюць выйсце са складанай эканамічнай сітуацыі. У Пецярбурзе 3 гады таму адкрылі сумеснае прадпрыемства ААТ “Магілёўліфтмаш” і МЛМ “Нява Трэйд” – МЛМ “Неўскі ліфт”. Вытворчасць поўнага цыкла з планам выпуску 2 тысячы адзінак за год. У сакавіку 2022 створаны філіял «Магілёўліфтмаш Усход» у Маскве. Адзначым, што ўсяго ў Расіі працуюць больш як 20 расійскіх вытворцаў ліфтаў. Заходнія рынкі цяпер для нас закрыты.