Хроніка прыхаванай рэальнасці. Суды, зняволенні, вызваленні

Звесткі пра пераслед паводле праваабаронцаў, медыяў і родзічаў тых, хто зазнае яго.

Міністэрства ўнутраных спраў папоўніла «спісе экстрэмістаў».

У ім чацвёра, прызнаных праваабарончай супольнасцю, палітвязняў.

Яўген Люльковіч – палітвязень;

Аляксандр Курганскі – палітвязень;

Журналіст Андрэй Кузнечык – палітвязень;

Дзяніс Граханаў – палітвязень;

Аляксей Маеўскі

Паводле праваабаронцаў, цяпер у «экстрэмісцкім спісе» міліцэйскага ведамства 479 асобаў.

Юрый Чубанаў

Асуджаны да 2 гадоў калоніі агульнага рэжыму.

Паводле праваабаронцаў, нагодаю для крымінальнага пераследу сталі каментары і «упадабайкі» у сацыяльных сетках.

Абвінавачаны ў «незаконных дзеяннях з персанальнымі дадзенымі», «абразе прадстаўніка ўлады», «абразе Лукашэнкі», «здзек з дзяржаўных сімвалаў» і «паклёпе на Лукашэнку».

Справу разглядаў суддзя з Гродна Генадзій Мазайла.

Аляксандр Мялешка

3 гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу – «хатняя хімія».

Загадчыка лабараторыі дзіцячай анкалогіі абвінавацілі ва ўдзеле ў пратэстах 2020 году. Шэсць дзён ён утрымліваўся ў няволі і быў адпушчаны на парукі калегаў.

Справу на медыка разглядаў суддзя Максім Трусевіч.

Андрэй Вашчук

Каталіцкага святара аштрафавалі на 320 рублёў.

Як перадаюць медыі, адміністрацыйную справу разглядалі без Вашчука, бо ён «пехатою сышоў у Літву 15 жніўня». Пратакол на святара склалі, калі яго ўтрымлівалі пад арыштам.

Нагодаю для пераследу стала апублікаванне ім у сацыяльных сетках « карыкатурнай выявы са свастыкай». 

Суддзя Андрэй Андрушэнка з Першамайскага раённага суду Віцебску ўгледзеў у ёй «прапаганду або публічнае дэманстраванне, выраб, распаўсюджванне нацысцкай сімволікі ці атрыбутыкі».

Раней, святар няволіўся пад адміністрацыйным арыштам 30 дзён. Па вызваленні пакінуў Беларусь.

Алег Гайдук

Затрыманы.

Паводле праваабаронцаў, якія спасылаюцца на праўладныя тэлеграм-каналы, былога міліцыянта схапілі, бо ён «зліваў звесткі былых калег у экстрэмісцкія тэлеграм-каналы і пакідаў у такіх каналах абразлівыя каментары аб вышэйшых службовых асобах Рэспублікі Беларусь, зарэгістраваўся ў плане «Перамога» і збіраўся выехаць ваяваць на баку Украіны».