Выплата пенсій і дапамогі прадугледжана асобным указам.
У Міністэрства працы і сацыяльнай абароны паведамілі, што грамадзяне Украіны, якія прыбылі ў Беларусь, змогуць атрымліваць у нашай краіне пенсіі і дапамогі на дзяцей.
Такая магчымасць прадугледжана палажэннямі ўказа №326 ад 14 верасня 2022 года.
Грамадзянам Украіны “прадастаўлена права на прызначэнне пенсій і дапамог на дзяцей без прадстаўлення дакументаў, якія пацвярджаюць неатрыманне гэтых выплат на тэрыторыі Украіны” – дадалі ў Мінпрацы.
Пенсіі будуць прызначацца грамадзянам Украіны, якія перасяліліся ў Беларусь на пастаяннае жыхарства на падставе ідэнтыфікацыйнай карты ці пашпарта.
Каб атрымаць станоўчае рашэнне аб прызначэнні пенсіі, украінскім уцекачам трэба звярнуцца ва ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне па месцы рэгістрацыі.
Каб атрымаць дапамогу на дзяцей, украінскім сем’ям з дзецьмі, якія прыехалі ў нашу краіну на часовае або пастаяннае пражыванне, трэба прадставіць наступныя дакументы: дазвол на часовае пражыванне; від на жыхарства; пасведчанні аб нараджэнні дзіцяці, аб заключэнні шлюбу і іншыя.
Дапамога будзе прызначацца па месцы працы, вучобы (у дзённай форме) або ў органе па працы, занятасці і сацыяльнай абароне па месцы рэгістрацыі.
Пры гэтым украінцам, якія маюць дазвол на часовае пражыванне, дапамога будзе прызначацца толькі пры ўмове іх працаўладкавання.
фота: depositphotos