Восень. Дажджоў сіноптыкі не абяцаюць і лясы наведваць забаронена

У Магілёве 6 верасьня надвор’е будзе прахалодным і без форс-мажору. Імавернасць дажджоў 5-10 працэнтаў.

Паводле Белгідрамету цягам дня будзе воблачна з праясненнямі. Без істотных ападкаў. Тэмпература паветра +14…+16°C. Вецер паўночна-заходні, 3-8 м/с.

Актуальнымі застаюцца для Магілёўскага рэгіёну пастановы аб недапушчальнасці перабывання ў лясах. Яны прынятыя выканкамамі ўсіх 21 раёну вобласці ў сувязі з кліматычнымі ўмовамі. На карце Міністэрства лясной гаспадаркі Магілёўшчына – «чырвоная».

Тым часам, на большай частцы Гомельскай, Мінскай абласцей і ў Мінску чакаецца надзвычайная з 5 класам пажарная небяспека. На сайце Белгідрамету пазначана «штармавое папярэджанне аб небяспечнай гідраметэаралагічнай з’яве! (Чырвоны ўзровень небяспекі)». Зважайце на сябе.

фота з адкрытых крыніц

 

Дзяржаўтаінспекцыя адпрацуе месцы несанкцыянаванага гандлю на дарогах. Пакуль толькі ў Мінскай вобласці

Супрацоўнікі дзяржаўтаінспекцыі сталічнага рэгіёну возьмуцца за грамадзян, якія прадаюць прадукцыю ў непасрэднай блізкасці ад аўтамабільных дарог. Гэта тычыцца тых хто вырашыў на ажыўленых магістралях падзарабіць, прадаючы дары лесу, ці вырашчанае на сваіх палетках.

Комплекс прафілактычных мерапрыемстваў міліцыянты назвалі «Дарога для дарожнага руху».

Заяўляецца, што іхныя меры скіраваныя на папярэджанне дарожна-транспартнага траўматызму і спыненне фактаў знаходжання на дарогах асоб у стане ап’янення.

Асаблівую ўвагу, піша агенцтва «Белта», супрацоўнікамі ДАІ нададуць грубым парушэнням уразлівай катэгорыяй удзельнікаў дарожнага руху: пешаходамі, веласіпедыстамі, возчыкамі коннага транспарту.

За пашкоджанне, забруджванне або загрувашчванне аўтамабільнай дарогі, а таксама пагрузку і выгрузку ладунку на праезнай частцы пагражае штраф да 160 рублёў.

фота: brestcity.com