У студзені-ліпені выдаткі перавысілі прыбыткі на 1,9 мільярдаў рублёў (720 мільёнаў долараў ЗША).
«Па стане на 1 жніўня практычна ў нас па рэспубліканскім бюджэце склаўся пэўны дэфіцыт – выдаткі перавысілі прыбыткі дзесьці на 1,9 мільярдаў рублёў, пры тым што планава ў нас 2,8 (мільярда рублёў) па годзе дэфіцыт», – даводзіць міністр фінансаў Юрый Селіверстаў у эфіры тэлеканалу СТВ.
Па яго словах, большая частка дэфіцыту звязана з недаатрыманнем экспартных пошлінаў ад падсанкцыйных нафтапрадуктаў і калійных угнаенняў.
«Экспарт калійных угнаенняў, нафтапрадуктаў з улікам санкцый, пэўных лагістычных цяжкасцяў – зразумела, што той аб’ём, які быў да канца першага квартала, цяпер замарудзіўся. Мы бачым, што мы дзесьці ў грашовым выражэнні недаатрымаем да 1 мільярда рублёў », – адзначае ўрадовец.
Кіраўнік ведамства запэўнівае: з улікам кошту хлоркалію на сусветным рынку зніжэнне абʼёмаў яго экспарту не аказвае крытычнага ўплыву на бюджэт.
На пачатку ліпеня Міністэрства фінансаў выдаліла са свайго сайту дадзеныя аб выкананні бюджэту ў бягучым годзе і пакуль не паведамляе пра перыядычнасць і форму публікацый справаздачнасці ў перспектыве.
«Частку інфармацыі мы свядома не размяшчаем, таму што яна выкарыстоўваецца ў рамках разнастайнага роду інсінуацый», – тлумачыць Селіверстаў.
На 2022 год бюджэт зацверджаны з дэфіцытам на ўзроўні 2,8 мільярдаў рублёў – гэта 1,6 працэнты прагназаванага валавага ўнутранага прадукту з даходамі ў 28,13 мільярды рублёў і выдатках у 30,94 мільярды рублёў.