Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю папярэдзіла вытворцаў і пастаўшчыкоў школьнай формы аб неабходнасці ўлічваць эканамічную сітуацыю і праяўляць сацыяльную адказнасць пры фармаванні цэнаў на тавары для школьнікаў.
Да школьных тавараў адносяцца адзенне і абутак дзелавога стылю, бялізна, панчошна-шкарпэткавыя вырабы, ранцы, заплечнікі, партфелі, сумкі для навучэнцаў, дзіцячыя сумкі, сшыткі, альбомы, дзённікі, вокладкі для сшыткаў, дзённікаў, падручнікаў, канцылярскія тавары.
Рэкамендацыі Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю тычыцца цэнаў на гэтыя тавары і накіраваны на тое, каб яны былі даступныя для насельніцтва, піша Белта
Ведамства раіць вытворцам, каб тыя пры фармаванні адпускных цэнаў і вызначэнні сумы прыбытку не дапускалі перавышэння фактычнага ўзроўню рэнтабельнасці, які склаўся за 2021 год на адпаведную таварную пазіцыю.
Імпарцёры аптовага і рознічнага гандлю мусяць выстаўляць надбаўку на школьныя тавары не большую за 30%.
Ведамства нагадвае, што сочыць за сітуацыяй на рынку і праводзіць кантрольна-аналітычныя мерапрыемствы.
У чэрвені старшыня канцэрну «Беллёгпрам» Таццяна Лугіна казала, што спрошчаны варыянт школьнай формы сёлета можна будзе купіць за 150-170 рублёў.
Абутак беларускай вытворчасці будзе каштаваць у дыяпазоне ад 45 да 160 рублёў у залежнасці ад матэрыялу і памеру. За заплечнік бацькам трэба выкласці ад 60 да 120 рублёў.