Урад спадзяецца, што замест арыштаваных Украінай беларускіх вагонаў у Магілёве зробяць новыя

Праблемы з наяўнасцю ў Беларускай чыгункі мінералавозаў прызнаў віцэ-прэм’ер Анатоль Сівак. Ён кажа, што рухомы састаў застаўся ва Украіне, таму неабходна абзавесціся новым.

Арыштаваныя ўкраінскімі ўладамі вагоны для перавозкі беларускіх калійных угнаенняў збіраецца замяніць тымі, што вырабіць Магілёўскі вагонабудаўнічы завод.

minsknews.by

Паводле Сівака, развязаннем пытання займаецца магілёўскае прадпрыемства ў межах кантракту, заключанага з «Белкаліем».

Урадовец таксама прызнае, што санкцыі стварылі пэўныя змяненні ў геаграфіі паставак. Ён, аднак, спадзяецца, што «для таго і бізнес, каб гэтыя змяненні вырашаць з карысцю ў свой бок», піша партал “Минск-новости”.

Сівак кажа: цяпер працуюць пагадненні, падпісаныя з Расіяй аб выкарыстанні партовай інфраструктуры, каб да перавозак падключаліся іншыя віды транспарту.

Паводле віцэ-прэмʼера, працэс знаходзіцца ў дынаміцы. У гэтым задзейнічаны беларускія транспартнікі і іхныя калегі з Расіі, сусветныя кампаніі, «таму будзе толькі рост перавозак», – абнадзейвае ён.