Дзень у гісторыі. Адбыўся настаўніцкі з’езд. Нарадзіўся Ўладзімер Някляеў. Міжнародны дзень знішчэння зброі

9 ліпеня – Міжнародны дзень знішчэння зброі.

Адзначаецца з 2001 году з ініцыятывы Арганізацыі Аб’яднаных нацыяў.

Закліканы нагадаць аб небяспецы, якую залішняя, недастаткова абароненая і незаконная зброя ўяўляе для бяспекі насельніцтва.

Прынята Праграма дзеянняў у прадухіленні і выкараненні незаконнага гандлю стралковай зброяй і лёгкімі ўзбраеннямі ва ўсіх яе аспектах.

9 ліпеня 1883 года нарадзіўся Аляксандр Дубах (1883-1942).

Навуковец у галіне меліярацыі і гідралогіі, пачынальнік сучаснай гідралесамеліярацыі.

Працаваў ва ўпраўленні земляробства і дзяржаўнай маёмасці ў Магілёве, прафесарам Горацкай акадэміі, займаўся асушэннем лясных сельскагаспадарчых земляў.

Рэпрэсаваны ў 1930 і 1937 гадах.

9 ліпеня 1906 года адбыўся нелегальны настаўніцкі з’езд Мінскай губерні.

Праходзіў у вёсцы Мікалаеўшчына на Стаўбцоўшчыне Мінскай губерні, разагнаны паліцыяй.

На ім агучваліся думкі аб неабходнасці навучання дзяцей на беларускай мове, увядзенне бясплатнага навучання ў пачатковых школах. Прызнаваўся факт бяспраўнага становішча народнага настаўніка.

Удзельнікі былі арыштаваны і пазбаўлены права настаўнічаць, некаторыя, як К. Міцкевіч (Якуб Колас) адсядзелі ў турме, 13 настаўнікаў былі звольнены з працы, у тым ліку І. Фёдараў (Янка Маўр).


9 ліпеня 1946 года нарадзіўся Уладзімір Някляеў.

Паэт, празаік, эсэіст, грамадска-палітычны дзеяч.

Лідар грамадскай кампаніі «Гавары праўду!», кандыдат на прэзідэнцкіх выбарах, палітычны зняволены. Намінант на Нобелеўскую прэмію.

Працаваў на кіроўных пасадах у афіцыйных выданнях, калі Беларуссю ўжо кіраваў Лукашэнка.

З 6 чэрвеня 1999 года жыў у Польшчы, публічна абвясціўшы аб разрыве з беларускімі ўладамі. Уладзімір Някляеў стаў першым дзеячам беларускай культуры, які з’ехаў з Беларусі па палітычных матывах.

Філосаф і культуролаг Валянцін Акудовіч лічыць, што Някляеў разбурыў стэрэатып, што найлепшыя вершы паэт піша ў маладосці, паколькі эмоцыі ў чалавека больш моцныя ў маладыя гады.

9 ліпеня 1955 года адкрыта Мінская дзіцячая чыгунка.

Працуе з 1 мая да канца верасня і на зімовых канікулах па пэўнаму раскладу.

Галоўная станцыя «Заслонава». Працуюць два цеплавоза і 12 вагонаў з сістэмай радыёвяшчання для правядзення музычнага суправаджэння і тэматычных экскурсіяў.

У публікацыі выкарыстаныя звесткі з рэсурсу «Вікепедыя» і іншых адкрытых у інтэрнэце крыніц